перары́ць, ‑рыю, ‑рыеш, ‑рые; зак., што.
1. Разрыць, парыць лычом усё, многае. Свінні перарылі ўвесь агарод.
2. Разм. Раскідаць, перавярнуць што‑н. у пошуках чаго‑н.; перакапаць. Перарыць усе рэчы ў каморцы. □ На вакзале я быў затрыманы сышчыкамі, якія перарылі мой вучнёўскі чамадан. Танк. — Пуста! Я ж табе сказаў, што .. [Антон] напэўна павязе .. [паперы] з сабою, — нервова прашыпеў Громаў, калі яны перарылі ўвесь стол. Рамановіч.
перарэгістрава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад перарэгістраваць.
перарэгістрава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.
Зарэгістравацца нанава, яшчэ раз.
перарэгістрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.
Зарэгістраваць нанава, яшчэ раз. Перарэгістраваць усіх чытачоў бібліятэкі.
перарэгістра́цыя, ‑і, ж.
Новая, паўторная рэгістрацыя. Перарэгістрацыя дакументаў.
перарэдагава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак., што.
Адрэдагаваць нанава і іначай. Перарэдагаваць артыкул.
перарэ́з, ‑у, м.
Дзеянне паводле дзеясл. пераразаць — перарэзаць (у 1, 5 знач.).
перарэ́заны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад перарэзаць.
перарэ́зацца, ‑рэжацца; зак.
1. Разрэзацца надвае, на часткі. Стужка лёгка перарэзалася.
2. Зарэзаць, параніць адзін другога халоднай зброяй. Бандыты перарэзаліся паміж сабой.
перарэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак.
1. каго-што. Разрэзаць надвае. Перарэзаць вяроўкі. Перарэзаць тэлефонны провад. □ [Краб] перарэзаў [клюшнямі] рыбіну на дзве часткі, нібы нажніцамі для бляхі паперу. Караткевіч.
2. што. Перайсці, пераехаць што‑н. у якім‑н. напрамку; перасячы. Хацелася перарэзаць на чайцы возера па ўсёй яго даўжыні і шырыні, але ж трэба час. Сташэўскі.
3. што. Стаўшы ўпоперак чаго‑н., спыніць далейшы рух; перагарадзіць. Пасля кароткай парады афіцэраў у камандзіра батальёна .. рота атрымала заданне перарэзаць шлях адступлення немцам з суседняй вёскі. Васілевіч. Не паспеў я адбегчыся шагоў сотню, як раптам дарогу перарэзаў знаёмы рыбак. Якімовіч. Неўзабаве шлях перарэзалі стальныя дзверы. Шыцік. // перан. Парушыць сувязь, зносіны. Збіраўся [Алеська] прыехаць на пабыўку. Ды вайна перарэзала шляхі-дарогі. Б. Стральцоў.
4. перан.; што. Пралягаючы ў якім‑н. напрамку, раздзяліць на часткі што‑н. [Чыгунка] самаўладна перарэзала надвае векавечны лес. Шынклер. / Пра рубцы, маршчыны і пад. Круты смуглявы лоб ад скроні да скроні перарэзалі раўчакі маршчын. Мележ.
5. што. Разм. Размежаваць зямлю нанава, іначай. Большасць галасоў паказала, што ўсю прыбалотную зямлю трэба перамераць і перарэзаць. Чорны.
6. каго-што. Зарэзаць, парэзаць усіх, многіх або ўсё, многае. Перарэзаць усю жывёлу.