Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

струга́льшчык, ‑а, м.

Рабочы, спецыяліст па апрацоўцы чаго‑н. струганнем.

струга́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да стругальшчык.

стругані́на, ‑ы, ж.

Наструганая скрылікамі марожаная рыба (або мяса), якая ўжываецца як страва ў сырым выглядзе на Крайняй Поўначы.

струга́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. стругаць.

струга́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад стругаць.

2. у знач. прым. Апрацаваны стругам, рубанкам або якім‑н. іншым стругальным інструментам; гладкі, выструганы. Струганыя дошкі. □ Пазней людзі навучыліся распілоўваць цурбаны каштоўных народ драўніны на тонкія дошкі, а потым ужо ўжылі механічныя нажы і пачалі вырабляць струганую фанеру. Мяжэвіч.

3. у знач. прым. Нарэзаны тонкімі вузкімі палоскамі, стружкамі. Струганая рыба.

струга́цца, ‑аецца; незак.

1. Паддавацца апрацоўцы струганнем.

2. Зал. да стругаць.

струга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

1. Зразаць тонкі слой з паверхні драўніны, металу і пад. рэжучым інструментам. Вадзік сядзеў у кутку, стругаў ножыкам дошку. Гамолка. Цэлае лета Арцём стругаў кару і настругаў сто пяцьдзесят рублёў. Пянкрат. Сваім разцом люблю я Стругаць тугую сталь, За змену адшліфую Я не адну дэталь. Русак. Рабочыя разышліся па месцах і прыняліся хто наразаць, хто тачыць, хто шліфаваць, хто стругаць, хто вастрыць на наждаку разцы ды зубцы. Гартны. [Ляснік] заўзята стругаў арэхавы кій і нібы забыўся на хлопчыкаў. Паўлаў. // Вырабляць што‑н., апрацоўваючы драўніну, метал такім чынам. Занятак быў не дужа споры, Гарэлі пальцы ад ляза, Ды дзед стругаў упарта корань, Унуку лыжку выразаў. Чарняўскі.

2. Рэзаць, наразаць пры дапамозе якой‑н. прылады (нажа і пад.) тонкія вузкія палоскі, кавалкі. Стругаць бульбу саломкаю. □ Надзя рэзала буракі, відаць, карове на падкормку... — Навошта ты буракі стругаеш? — спытаў яе дзед. — Што, бацвінне карове кепска? Мыслівец.

3. Абл. Абіраць (бульбу і пад.). Маня сядзела на парозе варывенькі, стругала бульбу. Якімовіч.

стру́джаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад струдзіць.

2. у знач. прым. Тое, што і натруджаны (у 2 знач.). — Ну, дай, маці, руку! — і пацалаваў [Косця] яе шурпатую, струджаную руку. Лынькоў. Як павышэлі струджаныя спіны! Сіпакоў.

стру́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

Разм. Тое, што і натрудзіць. Струдзіць рукі.

стру́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

1. Тонкая вузкая спіралепадобная стужка дрэва, металу і пад., якая ўтвараецца пры апрацоўцы іх паверхні струганнем. Тонкія смалістыя стружкі спіралькамі ля[ця]ць з рубанка ўгору і залацістай віхурай сыплюцца на дол. Дуброўскі. Упіваючыся ў метал, фрэза гоніць тонкую распаленую стружку. Васілёнак. // Тонкая вузкая спіралепадобная палоска, зрэзаная нажом і пад. з чаго‑н. Мыльныя стружкі.

2. зб. Тонкія вузкія спіралепадобныя палоскі драўніны, якія атрымліваюць на спецыяльных станках і выкарыстоўваюць для ўпакоўкі, набіўкі і пад. Да самай вясны могуць у стружках ляжаць і не псуюцца [грушы]. Бялевіч.

•••

Сагнаць стружку гл. сагнаць.