струга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.
1. Зразаць тонкі слой з паверхні драўніны, металу і пад. рэжучым інструментам. Вадзік сядзеў у кутку, стругаў ножыкам дошку. Гамолка. Цэлае лета Арцём стругаў кару і настругаў сто пяцьдзесят рублёў. Пянкрат. Сваім разцом люблю я Стругаць тугую сталь, За змену адшліфую Я не адну дэталь. Русак. Рабочыя разышліся па месцах і прыняліся хто наразаць, хто тачыць, хто шліфаваць, хто стругаць, хто вастрыць на наждаку разцы ды зубцы. Гартны. [Ляснік] заўзята стругаў арэхавы кій і нібы забыўся на хлопчыкаў. Паўлаў. // Вырабляць што‑н., апрацоўваючы драўніну, метал такім чынам. Занятак быў не дужа споры, Гарэлі пальцы ад ляза, Ды дзед стругаў упарта корань, Унуку лыжку выразаў. Чарняўскі.
2. Рэзаць, наразаць пры дапамозе якой‑н. прылады (нажа і пад.) тонкія вузкія палоскі, кавалкі. Стругаць бульбу саломкаю. □ Надзя рэзала буракі, відаць, карове на падкормку... — Навошта ты буракі стругаеш? — спытаў яе дзед. — Што, бацвінне карове кепска? Мыслівец.
3. Абл. Абіраць (бульбу і пад.). Маня сядзела на парозе варывенькі, стругала бульбу. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)