се́льскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сяла. Сельская школа. Сельская электрастанцыя. Сельская гаспадарка. // Які жыве і працуе ў сяле, вёсцы. Сельская інтэлігенцыя. Сельскі карэспандэнт. // Уласцівы сялу, вёсцы, жыхарам сяла, вёскі. Сельскія звычаі. Сельскі ўклад жыцця. □ І твар Лявона быў звычайны — твар сельскага жыхара: абветраны, цёмна-карычневы, нібы выразаны з альховага карча. Шашкоў. // Які мае адносіны да кіравання і самакіравання сяла. Сельская абшчына. Сельскі сход. □ Гаспадар хаты, сельскі стараста, пісаў у хаце на кавалачку сіняй паперы загад. Чорны. З учарашняга дня дзядзька Якуб — старшыня. □ Санька — сакратар новай улады: сельскага Савета. Якімовіч.
2. Які знаходзіцца за горадам, не гарадскі. Сельская мясцовасць. // Уласцівы такой мясцовасці. Сельская прырода. Сельская цішыня.
се́льтэрскі, ‑ая, ‑ае.
У выразе: сельтэрская вада — мінеральная саляна-вуглякіслая вада. // у знач. наз. се́льтэрская, ‑ай, ж. Тое, што і сельтэрская вада.
[Ад назвы крыніцы ў сяле Selters у Германіі.]
селядзе́ц, ‑дца, м.
1. Марская рыба сямейства селядцовых, якая ўжываецца ў ежу ў салёным ці вэнджаным выглядзе. Селядзец быў тлусты, сакавіты, мяккі і духмяны. Новікаў. На стале стаялі прыгатаваныя селядзец з гарнірам, а поруч міска з гарачай сопкай бульбай, марынаваныя грыбы, кількі, шпроты, чорная ікра, фаршыраваная рыба, цяляціна, дамашняя свіная каўбаса, ад якой пахла ядлоўцам, паляндвіца і шмат іншай закускі. Гурскі.
2. Абл. Шабля. У земскага торгаюцца бровы, ён хапаецца рукою за свой «селядзец». Якімовіч.
•••
Як у бочцы селядцоў — пра вялікую колькасць людзей у цесным памяшканні.
селядзе́чніца, ‑ы, ж.
Талерка прадаўгаватай формы, у якой падаецца на стол селядзец.
селядзе́чны, ‑ая, ‑ае.
Уласцівы селядцу. Селядзечны пах. // Прыгатаваны з селядцоў. Селядзечны паштэт.
селядзёўка, ‑і, ДМ ‑дзёўцы; Р мн. ‑дзёвак; ж.
Разм. Бочка для селядцоў. У карчме людзей, як селядцоў у селядзёўцы, там сабе знойдзеш добрага чалавека, каб сваю бяду яму расказаць. Калюга.
селядцо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да селядца, селядцоў. Селядцовы хвост. // Прызначаны для селядцоў. Селядцовая бочка. // Звязаны з промыслам і апрацоўкай селядцоў. Селядцовы промысел.
2. у знач. наз. селядцо́выя, ‑ых. Сямейства рыб, да якога адносяцца селядцы, кількі і пад. Ёсць гіганты сярод селядцовых. Гэта атлантычны тарпун. «Маладосць».
селязёначны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да селязёнкі.
селязёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Крывятворны орган пазваночных жывёл і чалавека, які таксама выконвае ахоўныя функцыі і ўдзельнічае ў абмене рэчываў.