Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перарасхо́даваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перарасходаваць.

перарасхо́давацца, ‑дуецца; незак.

Зал. да перарасходаваць.

перарасхо́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак. і незак., што.

Выдаткаваць (выдаткоўваць) больш, чым трэба, звыш нормы, плана. Перарасходаваць фонды заработнай платы.

перарасці́, ‑сту, ‑сцеш, ‑сце; ‑сцём, ‑сцяце, ‑стуць; пр. перарос, ‑расла, ‑ло; заг. перарасці; зак.

1. каго-што. Абагнаць ростам, стаць вышэй за каго‑, што‑н. Сын перарос бацьку. □ Міколе дваццаць чацвёрты год. Хлопец узмужнеў, перарос і мяне. Брыль. Каб на хмель не мароз, ён бы тын перарос. Прыказка. // перан. Перасягнуць каго‑н. у разумовых, маральных адносінах; стаць больш змястоўным. Вучань перарос свайго настаўніка. □ [Высоцкі:] Дык жа ён [брыгадзір] жыве ўчарашнім днём. Радавыя калгаснікі яго перараслі. Гурскі. // перан. Стаць больш важным, больш значным за што‑н.; пераўзысці што‑н. І дом не астыў яшчэ, пахне смалой, І печ глеўкаватая трошкі, А стол навасельны нібы перарос Сваю непасрэдную ролю. Бялевіч. Дэмабілізаваўшыся, у МТС Андрэй не вярнуўся. Яму здавалася, што ён перарос яе. Шахавец.

2. Выйсці з узросту, устаноўленага, вызначанага для чаго‑н. Для дзіцячага сада хлапчук перарос. □ А што замінае [атрымаць вышэйшую адукацыю], — здзівіўся Варановіч. — Позна, перарос. Час мне ўжо дваццаць тосты гадок горне, а за спіною і людскіх трох класаў не наскрабеш... — горасна ўздыхнуў Шлык. Дуброўскі.

3. у што. Развіваючыся, ператварыцца, перайсці ў што‑н. Стачкі перараслі ў паўстанне. Гоман перарос у крык. □ З’явіліся новыя партызанскія атрады, групы, некаторыя атрады перараслі ў брыгады. Казлоў. Напружанасць абставін павялічвалася, пагражаючы перарасці ў буру. Гурскі. Спачатку размова была бяскрыўдная, але хутка перарасла ў спрэчку. Філімонаў.

перараша́ны і перарэ́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перарашаць.

перараша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Рашыць усё, многае. Перарашаць усе задачы.

перарашы́ць, ‑рашу, ‑рэшыш, ‑рашыць; зак., што.

Рашыць іншым спосабам, іначай. Перарашыць задачу.

перарва́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перарваць.

перарва́цца, ‑рвецца; зак.

1. Разарвацца, парвацца надвае, на часткі. Вяроўка перарвалася. Ланцуг перарваўся.

2. Перапыніцца, спыніцца на некаторы час. Нарада перарвалася. Гаворка перарвалася. □ [Андрэй] быў рад, што сябар выйшаў на волю. У той жа час было шкада, што перарвалася сяброўства. Колас. Голас раптам, нібы ад спалоху, знізіўся. Нейкі момант праліпеў дрыжуча, кволенька, а потым перарваўся зусім. Кулакоўскі.

перарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак.

1. што. Разарваць, раздзяліць надвае, на часткі. Перарваць дрот. / у безас. ужыв. Трос перарвала, як нітку. Мележ.

2. што. Перапыніць, спыніць на некаторы час якое‑н. дзеянне, развіццё чаго‑н. Перарваць штодзённую работу. □ Апошняя вайна надоўга перарвала перапіску паміж сёстрамі. Васілевіч. // што. Парушыць які‑н. стан, працэс. Перарваць маўчанне. Перарваць сон. □ І раптам песню перарваў гучны і радасны крык. Шамякін. Змрочныя думкі Грыбоўскага перарваў лёгкі трэск галінак. Курто. // каго. Перабіць чыю‑н. размову, гутарку. — Хто там? — адразу перарваў сам сябе на няскончаным слове Скуратовіч. Чорны.

3. што. Разарваць, парваць на часткі ўсё, многае. Перарваць усе ніткі.