Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цыру́льнік, ‑а, м.

Майстар, які займаецца галеннем, стрыжкай, афарбоўкай і прычэсваннем валасоў. У афіцэрскай палаце спрытны і гаваркі цырульнік займаўся абмаладжэннем ляжачых кліентаў. Якімовіч. [Алёша] яшчэ раз прыгладзіў свой «бокс», над якім гадзіну таму назад так старанна завіхаўся цырульнік. Васілевіч.

[Польск. cyrulik з грэч.]

цыру́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да цырульнік.

цыру́льніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цырульніка, належыць цырульніку. Цырульніцкія прылады. Цырульніцкая справа. □ Вунь ужо выходзяць з пад’ездаў прыбраныя, прычасаныя па апошняму жэсту цырульніцкай моды маладзенькія масквічкі. Лось.

цыру́льня, ‑і, ж.

Спецыяльна абсталяванае памяшканне для галення, стрыжкі, афарбоўкі, прычэсвання валасоў і пад. Мне трэба было пагаліцца, і я пайшоў у цырульню. Гамолка. Цырульня пустуе. Толькі побач з дзіцячым крэслам голяць нейкага кліента. Каршукоў. Кваліфікаваныя майстры цырульняў вам зробяць модную сучасную стрыжку. «Звязда».

цы́рык, ‑а, м.

Мангольскі салдат.

цыры́канне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. цырыкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Праз адчыненую фортку далятала забіяцкае цырыканне вераб’ёў. Хомчанка.

цыры́каць, ‑ае; незак.

Абзывацца гукамі, падобнымі на «цырык-цырык» (пра птушак, часцей вераб’ёў). У кустах бэзу цырыкаюць вераб’і. «Работніца і сялянка». На плоце скакалі вераб’і і весела цырыкалі. Жычка.

цыры́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да цырыкаць.

цырыманія́л, ‑у, м.

Распарадак, устаноўлены для якога‑н. абраду, якой‑н. цырымоніі. Цырыманіял адкрыцця алімпіяды.

[Лац. caerimonialis.]

цырыманія́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цырыманіялу. Цырыманіяльны парадак. // Які адбываецца згодна з цырыманіялам; урачысты. Цырыманіяльнае шэсце. □ Цырыманіяльным маршам праходзілі часці, артылерыйскага палка. Чорны.