Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сельку́пка,

гл. селькупы.

сельку́пскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да селькупаў, які належыць, уласцівы ім. Селькупская мова. Селькупскія звычаі.

сельку́пы, ‑аў; адз. селькуп, ‑а, м.; селькупка, ‑і, ДМ ‑пцы; мн. селькупкі, ‑пак; ж.

Паўночная народнасць, якая жыве ў Томскай, Цюменскай абласцях і Краснаярскім краі РСФСР.

сельма́г, ‑а, м.

Сельскі магазін. Як не забегчы ў новы наш сельмаг У вольны час, вяртаючыся з працы? Якіх, скажы, тавараў тут няма! Ёсць што купіць і чым палюбавацца. Танк.

сельпо́, нескл., н.

1. Сельскае спажывецкае таварыства. Каля крамы мясцовага сельпо ходзіць начны вартаўнік, паглядае на вокны, што свецяцца ў познюю пару ды прыслухоўваецца да мернага пастуквання паравіка. Шахавец.

2. Разм. Магазін сельскага спажывецкага таварыства.

сельпо́ўскі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да сельпо, належыць сельпо. Сельпоўская машына. □ Мікола Валюжынец якраз сядзеў у сельпоўскай краме на бочцы з-пад селядцоў і насмешліва жмурыўся на прадаўца. М. Стральцоў.

сельсаве́т, ‑а, М ‑веце, м.

1. Сельскі Савет. Бывае, што ў роздумах успамінаецца той час, калі мой бацька быў першым у гэтых месцах старшынёй сельсавета. Кулакоўскі. // Будынак, дзе знаходзіцца сельскі Савет. [Людзі] збіраліся ля старога дома ў садзе, дзе быў сельсавет. Чорны.

2. Частка раёна, якая знаходзіцца ў веданні сельскага Савета. Аўгіння пабыла да сябе павагі не толькі ў роднай вёсцы, але ва ўсім сельсавеце. Бядуля.

сельсаве́тчык, ‑а, м.

Разм. Работнік сельскага Савета. З-за стала сельсаветчык гаворыць сходу: — Збіраецеся вы ўжо колькі раз. Трэба вырашыць, як зрабіць, ці ў калектыў пойдзеце, ці ўсе за хутары свае крычаць будзеце яшчэ. Галавач.

сельсаве́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сельсавета, належыць яму. Даведка была падпісана слабадскім старастам і заверана сельсавецкай пячаткай. Сабаленка.

сельскагаспада́рчы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сельскай гаспадаркі, звязаны з ёю. Сельскагаспадарчыя культуры. Сельскагаспадарчыя шкоднікі. // Які атрыманы ад сельскай гаспадаркі. Сельскагаспадарчыя прадукты. Сельскагаспадарчая сыравіна. // Які займаецца перапрацоўкай прадуктаў сельскай гаспадаркі. Сельскагаспадарчая фабрыка. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Сельскагаспадарчая вытворчасць. // Які выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы. Сельскагаспадарчая тэхніка.

2. Які адносіцца, звязаны з формамі кааперавання ў сельскай гаспадарцы. Сельскагаспадарчая кааперацыя.

3. Звязаны з землекарыстаннем, з развіццём сельскай гаспадаркі; аграрны. Сельскагаспадарчая краіна.

•••

Сельскагаспадарчая арцель гл. арцель.

Сельскагаспадарчая камуна гл. камуна.