Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гаро́хаўка, ‑і, ДМ ‑хаўцы, ж.

Разм. Гарохавы суп. — Кума, а кума... Без цыбулі хіба гарохаўку гатуюць? — запыталася.. [гараджанка]. Мікуліч.

гаро́шак, ‑шку, м.

1. Памянш.-ласк. да гарох.

2. Назва некаторых травяністых раслін сямейства бабовых. Пахучы гарошак. Мышыны гарошак.

3. Круглыя крапінкі, кружочкі на тканіне. Сукенка ў гарошак.

•••

Зялёны гарошак — няспелае насенне гароху, якое ужываецца як прыправа да стравы.

гаро́шына, ‑ы, ж.

Адно гарохавае зерне. Злавіць язя на гарошыну. // Круглая крапінка, кружочак на матэрыі. На дзяўчынцы ў гарошынах яркіх хусцінка. Зарыцкі.

гаро́шынка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш. да гарошына; невялічкая гарошына.

гарпу́н, ‑а, м.

Кідальная зброя ў выглядзе кап’я на доўгім тросе для палявання на буйных марскіх жывёл. // Страла з разрыўным наканечнікам для палявання на кітоў, якой страляюць са спецыяльнай гарматы.

[Гал. harpoen.]

гарпу́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., каго-што.

Здабываць (лавіць) пры дапамозе гарпуна (рыбу, марскіх жывёл).

гарпу́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гарпуна. Гарпуннае кап’ё. Гарпунны трос. Гарпунная гармата.

гарпу́ншчык, ‑а, м.

Той, хто палюе з гарпуном.

гарсаве́т, ‑а, М ‑веце, м.

Гарадскі Савет дэпутатаў працоўных.

гарсэ́т, ‑а, М ‑сэце, м.

1. Шырокі пруткі пояс, які носяць пад сукенкай для сцягвання таліі і надання стройнасці фігуры.

2. Састаўная частка беларускага народнага жаночага касцюма ў выглядзе безрукаўкі.

3. Бандаж, які носяць на верхняй частцы тулава пры захворванні або скрыўленні пазваночніка. Гіпсавы гарсэт.

[Фр. corset.]