перапы́нены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад перапыніць.
перапыні́цца, ‑пынюся, ‑пынішся, ‑пыніцца; зак.
Спыніцца, прыпыніцца на кароткі час, перарвацца. Падпісаўшы колькі паперак, Варанецкі перапыніўся і прыкурыў люльку. Скрыган. Калі на нейкі час перапыніўся мінамётны абстрэл, Марыя высунула галаву з акопчыка. Кулакоўскі.
перапыні́ць, ‑пыню, ‑пыніш, ‑пыніць; зак., каго-што.
1. Спыніць або прыпыніць якое‑н. дзеянне, развіццё чаго‑н.; перашкодзіць чаму‑н. Настаўнік геаграфіі перапыніў расказ, падышоў да стала. Гамолка. Відаць, дождж перапыніў уборку: у далечыні.. нерухома стаяў камбайн. Шамякін. // Перабіць (размову, гутарку). Перапыніць апавядальніка. Перапыніць на слове.
2. Спыніць, затрымаць у час руху. [Паліна] яшчэ раз працягнула руку да бутэлькі, але.. [немец] перапыніў: — Чакай... Новікаў. Каля Дзвюх Хат іх перапыніў патруль і сказаў зайсці ў кавалёву хату. Чорны.
перапыня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да перапыніцца.
2. Зал. да перапыняць.
перапыня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да перапыніць.
перапы́рхваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да перапырхнуць.
перапы́рхнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Успырхнуўшы, пераляцець цераз што‑н., куды‑н. Вось .. [дзяцел] з шумам перапырхнуў на суседняе дрэва. В. Вольскі.
перапыта́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад перапытаць.
перапыта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Тое, што і перапытаць (у 1 знач.). Я перапытаўся ў маткі: — Па якую вайну? Ты думаеш — у салдаты? Якімовіч.
перапыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. і без дап. Спытаць яшчэ раз; зноў звярнуцца з тым жа пытаннем. [Надзя] не паверыла адразу словам, перапытала. Галавач. Ад прыкрасці Мікола аж крактануў .. і перапытаў у Нічыпара: — Значыць, не адпусціш? Б. Стральцоў. — Як, як вы кажаце? — перапытаў.. [Ян], падступаючы бліжэй да бравага фельчара. Чорны. Бацька ў такіх выпадках.. пяць разоў перапытае, потым адкажа. Бажко. — Што ж з Якушом пасля зрабілі? — З Якушом? — перапытаў дзед. — Пакаралі. Скрыган.
2. Апытаць усіх, многіх; спытаць пра ўсё, многае. Мы.. усе хаты абышлі, усіх людзей перапыталі, ці не бачылі цябе дзе часам... Васілевіч. [Барановіч:] — Якое каму дзела, хто з кім жаніцца ці за каго замуж ідзе. Дык не, усё перагавораць, усё перапытаюць, да ўсяго дакапаюцца. Чорны.