разбо́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Займацца разбоем, грабяжамі. Пасля даследавання забойства схіляюся к таму, што бандыт Гусак разбойнічаў адзін. Пестрак.
2. Займацца гвалтам, прымяняць сілу для дасягнення чаго‑н. — Не разбойнічай! Тое бяры, што даю табе, а сілай не дам браць, людзей клікаць буду. Галавач.
разбо́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да разбою. Разбойная банда. Разбойныя справы.
2. Тое, што і разбойніцкі. Разбойны напад фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз абарваў мірную працу. Клімковіч. Вядома, сябры, а ў першую чаргу Малашкін і Жарнавік, сёе-тое чулі пра разбойную работу бандытаў. Пестрак.
разбо́р, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. разбіраць — разабраць (у 1–7 знач.).
2. (звычайна з прыназоўнікамі «з» і «без»). Разм. Выбар, адбор. Лес тут быў калгасны, высякалі яго многа і без разбору. Б. Стральцоў. Я разумею: крытыкаваць .. трэба, без гэтага нельга, але крытыкуй з разборам. Хадкевіч.
3. Разгляд судовай справы. Судовы разбор. □ [Сымон:] Адбудую хату нанава, гаспадарку нанава завяду.. Вось толькі .. разбору дзела дачакацца! Купала.
•••
На (пад) шапачны разбор; на разбор шапак — пад канец справы, пад канец (прыйсці, паспець, з’явіцца і пад.).
разбо́рачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да разборкі. Разборачны цэх.
разбо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. разбіраць — разабраць (у 1 знач.).
разбо́рлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць разборлівага.
разбо́рлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, які лёгка разабраць, успрыняць на слых, зрокам і пад.; выразны. Разборлівы почырк.
2. Патрабавальны, строгі ў выбары або ацэнцы каго‑, чаго‑н. Больш разборлівыя танцоры, якім надакучыць прасіць прабачэння за штуршкі, пакідаюць залу з жалем, уздыхаючы: — Эх, нават і сёння не дадуць патанцаваць. Карпюк.
разбо́рны, ‑ая, ‑ае.
Такі, які можна разабраць, разняць на часткі і зноў сабраць. Разборны домік. Разборная кніжная паліца. Разборныя гантэлі.
разбо́ўтаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад разбоўтаць.
2. у знач. прым. Які размясілі, размяшалі ездзячы, ходзячы. Людзі помняць усялякія здарэнні .., як ламаліся калёсы, трапляючы ў глыбокія западзіны між камення на дне топкай разбоўтанай гразі. Пестрак.