радні́цца, раднюся, роднішся, родніцца; незак.
1. Уступаць у адносіны роднасці з кім‑н. Не хацеў радніцца з Вайцехам Андрэй... Пташнікаў. Берберы ў гарадах апраналіся, як рымляне, насілі рымскія імёны, радніліся з рымскімі пасяленцамі. В. Вольскі.
2. Мець падабенства; збліжацца. Мардва па мове раднілася больш з «рускімі» — окала. Васілевіч. Вершы Купалы перыяду 1905–1907 гг. .. родняцца з аналагічнымі творамі Някрасава. Івашын.
радні́ць, радню, родніш, родніць; незак., каго-што.
1. Ствараць адносіны роднасці паміж кім‑н. Радніць адну сям’ю з другой.
2. Рабіць блізкім па духу, перакананнях і пад. — Толькі шчырасць збліжае, родніць людзей на ўсё жыццё. Шамякін. [Салдат] адчуў нешта такое, што радніла яго з гэтым незнаёмым, але ўжо блізкім таварышам. Сабаленка.
3. Рабіць падобным, сходным; збліжаць. Тут, дарэчы, ёсць нешта такое, што родніць .. [Багдановіча] з Лермантавым, паэтам, які, як і Багдановіч, надзелены выключнай інтэнсіўнасцю духоўнага жыцця, нават раннія праяўленні якога здзіўляюць сваёй глыбінёй. М. Стральцоў.
радно́, ‑а, н.
Тоўстае палатно з пянькі або грубай ільняной пражы, а таксама выраб з такога палатна. Колькі год рукі [маці] зналі адно: Жалі, есці варылі, Бульбу чысцілі, ткалі радно, Цыравалі ды шылі. Гілевіч. Сухоцкі з Якімкам адшукалі дзедаў будан і адкінулі радно, што прыкрывала ўваход. Курто.
радня́, ‑і, ж.
1. зб. Родныя, сваякі. Да палкоўніка адразу прыехала радня: родная сястра, жонка, нейкі яшчэ малады чалавек. Чорны. Абапал маладых садзяцца шафёры і шаферкі. Потым сваты і свацці, а далей ужо блізкая і далёкая радня. Асіпенка.
2. Разм. Родны (родная), сваяк (сваячка). Здавалася, нібы ўсе яны [людзі і малпы] адчувалі, што даводзяцца адзін аднаму раднёй. Маўр. Можа, ён быў яму нейкая радня, а можа і што-небудзь іншае звязвала іх, але гэты бялявы хлопец быў для оберста не толькі дзеншчыком. Шахавец. // перан. Аб кім‑, чым‑н. падобным у якіх‑н. адносінах. Я ў Новай Рызе — зусім як дома, бо з новым Мінскам яна радня. А. Вольскі.
радня́ны, ‑ая, ‑ае.
Зроблены з радна. На нагах [у хлапчукоў] смешна варушыліся радняныя нагавіцы. Колас.
радо́вішча, ‑а, н.
Прыроднае скопішча карысных выкапняў; залежы, паклады. Радовішча алмазаў. Радовішча жалеза.
радо́к, ‑дка, м.
1. Памянш. да рад (у 1 знач.). Роўнымі радкамі маладых груш і яблынь нельга было не залюбавацца. Шахавец. Унізе цягнецца балотца з радкамі скошанае атавы. Скрыган.
2. Частка тэксту або асобныя словы, літары ці іншыя знакі, напісаныя або надрукаваныя ў адну лінію. Радок верша. □ Чытаў .. [Лабановіч] зусім механічна, нічога не разумеючы з таго, што чытае. Ён проста пераводзіў вочы з радка на радок.., а думаў пра Ядвісю. Колас. Думы і вобразы, розум і радасць заключаны ў алавяныя радкі набора. Брыль. [Верыны] вочы тужліва бегалі па радках лічбаў і раптам спыніліся. Асіпенка. // толькі мн. (радкі́, ‑оў). Напісаныя, надрукаваныя словы, фразы. [Саша] прачытала радкі, якія пераканалі, што горад, дзе служыць Пятро, не здадзены, стаіць, змагаецца. Шамякін.
3. Разм. Прабор у валасах, рад (у 6 знач.). Сівыя валасы расчэсаны на просты радок. Пестрак. Цёмна-русыя валасы акуратненька разабраны на радок і гладка прычасаны. Дуброўскі.
•••
Ламаны (ломаны) радок — вершаваны радок, у якім словы стаяць не на адной лініі.
Радок у оадок — літаральна, даслоўна (пераказаць, спісаць і пад.).
Чытаць паміж радкоў гл. чытаць.
радо́н, ‑у, м.
Прыродны радыеактыўны хімічны элемент, газ, прадукт распаду радыю.
радо́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да радону. // Які змяшчае ў сабе радон. Радонавая вада. // Звязаны з прымяненнем радону. Радонавыя вапны.
радо́ўка, ‑і, ДМ ‑доўцы; Р мн. ‑довак; ж.
1. Разм. Чыя‑н. чарга рабіць што‑н. Тую ноч была радоўка пільнаваць хворую прафесару. Гарэцкі. Дома нікога не было. Двое сыноў і маці пасвілі ў полі вясковы статак — адбывалі радоўку. М. Ткачоў.
2. Агульная назва некалькіх відаў шапкавых грыбоў сямейства радоўкавых.