збро́джванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. зброджваць — збрадзіць і зброджвацца — збрадзіцца.
збро́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да збрадзіць.
збро́длівы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Шкадлівы, памаўзлівы. Я стаў пастухом, якому даверылі злых збродлівых гусей і чатыры рабыя свінні. Асіпенка. Збродлівай кошцы хвост уцінаюць. Прымаўка.
збро́дны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Выпадкова сабраны; разнародны, разнамасны. Збродная кампанія. □ Свабодалюбны мой народ! Супроць фашысцкай банды зброднай Ты мужна рушыў у паход. Глебка.
збро́евы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да зброі, прызначаны для вырабу і рамонту зброі. Зброевы завод. Зброевая майстэрня.
збро́йнік, ‑а, м.
Спецыяліст па вырабу зброі; збраяроб.
збро́я, ‑і, ж.
1. Прылада, рэч для нападу ці абароны. Адама зачынілі ў зямлянцы разведчыкаў, цішком забраўшы адтуль усё, што магло быць зброяй. Брыль. [Юнакі] і зброю падрыхтавалі сабе: знайшлі пяць вінтовак і ўкралі ў немцаў два аўтаматы і скрыню гранат. Шамякін. / у знач. зб. Супроцьтанкавая зброя. Ядзерная зброя. / Пра чыю‑н. армію, ваенную сілу. Сіла савецкай зброі.
2. перан. Сродак, спосаб для дасягнення, здзяйснення чаго‑н. Марксізм-ленінізм — вялікая ідэйная зброя, якая мабілізуе і арганізуе мільёны людзей для руху наперад, для новых перамог. «Полымя». Мастацтва павінна служыць зброяй для замацавання і ўглыблення новага ладу жыцця. Бядуля.
•••
Агнястрэльная зброя — зброя, якая страляе пры дапамозе пораху ці іншых выбуховых рэчываў.
Халодная зброя — зброя для рукапашнага бою, якой сякуць і колюць (кап’ё, меч, шабля, штык і інш.).
Бразгат, зброяй гл. бразгаць.
Скласці зброю гл. скласці.
Узняць зброю гл. узняць.
збру́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.
Забрудзіць моцна, па ўсёй паверхні. Збрудзіў усю сарочку.