Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

валю́шны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для валення сукна. Валюшныя машыны.

валю́шня, ‑і, ж.

Майстэрня, у якой валяць сукно, шэрсць; валюш.

валявы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да волі (у 1 знач.). Рашучасць і валявая вытрымка заўсёды былі спадарожнікамі гераізму. Кулакоўскі. // З цвёрдай воляй, характарам. Валявы і смелы чалавек.

валяр’я́н, ‑у, м.

Травяністая расліна сямейства валяр’янавых, карэнне якой выкарыстоўваецца ў медыцыне.

валяр’я́навы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да валяр’яну. Валяр’янавае карэнне. // Прыгатаваны з валяр’яну. Валяр’янавы пастой.

2. у знач. наз. валяр’я́навыя, ‑ых. Сямейства двухдольных шматгадовых травяністых раслін.

валяр’я́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Разм. Валяр’янавыя каплі. Над.. [Марынкай] нахілілася жанчына ў белым халаце, у пакоі запахла нашатырным спіртам і валяр’янкай. Хадкевіч.

валя́цца, я́юся, ‑я́ешся, ‑я́ецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ляжаць у беспарадку, бязладна, як папала, не на месцы. Усюды на падлозе валяўся хатні скарб — рашоты, адзежа, кублы. Лупсякоў. [Юткевіч] ляжаў на нейкай старасвецкай канапе,.. каля канапы валяўся ягоны англійскі шынель. Мікуліч. // Ляжаць без ужытку. Каля адрынкі пад страхою У дзеда Юркі сіратою Валяўся човен так, без дзела. Колас.

2. Лежачы, пераварочвацца з боку на бок. [Гарлахвацкі:] Вы, напэўна, самі не раз паглядалі, як нашы свінні ахвотна валяюцца ў брудных лужах. Крапіва.

3. Разм. Ляжаць, нічога не робячы. Цэлымі днямі Марынка валялася на ложку, чытала, глядзела тэлевізар. Шыцік. // Доўга ляжаць у пасцелі з прычыны хваробы, ранення. Валяцца ў шпіталях.

•••

Ад ветру валяцца — ледзь стаяць на нагах ад слабасці.

На дарозе (зямлі, доле, абы-дзе) не валяецца — дарма не дастаецца.

валя́ць, я́ю, ‑я́еш, ‑я́е; незак.

1. каго-што. Нахіліўшы, абарочваць; перакульваць. Бура валяе стагі.

2. заг. валя́й(це). Разм. Ужываецца ў якасці пабуджэння да дзеяння. [Дырэктар:] — Значыць, так рашыў?.. Што ж, валяй! Марціновіч.

валя́шчы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які ляжыць без ужытку, нікому не патрэбны; непрыгодны, заваляшчы.