валя́цца, я́юся, ‑я́ешся, ‑я́ецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ляжаць у беспарадку, бязладна, як папала, не на месцы. Усюды на падлозе валяўся хатні скарб — рашоты, адзежа, кублы. Лупсякоў. [Юткевіч] ляжаў на нейкай старасвецкай канапе,.. каля канапы валяўся ягоны англійскі шынель. Мікуліч. // Ляжаць без ужытку. Каля адрынкі пад страхою У дзеда Юркі сіратою Валяўся човен так, без дзела. Колас.

2. Лежачы, пераварочвацца з боку на бок. [Гарлахвацкі:] Вы, напэўна, самі не раз паглядалі, як нашы свінні ахвотна валяюцца ў брудных лужах. Крапіва.

3. Разм. Ляжаць, нічога не робячы. Цэлымі днямі Марынка валялася на ложку, чытала, глядзела тэлевізар. Шыцік. // Доўга ляжаць у пасцелі з прычыны хваробы, ранення. Валяцца ў шпіталях.

•••

Ад ветру валяцца — ледзь стаяць на нагах ад слабасці.

На дарозе (зямлі, доле, абы-дзе) не валяецца — дарма не дастаецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)