Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

неэфекты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае, не дае эфекту. Неэфектыўны спосаб.

неядо́мы, ‑ая, ‑ае.

Непрыдатны для ежы. Неядомыя грыбы.

не́як,

1. прысл. Нейкім чынам, спосабам. Апошні зубр, які адбіўся ад статка.. і якому пашанцавала неяк застацца на волі, быў у 1919 годзе забіты ў пушчы браканьерамі. В. Вольскі. [Віктар:] — Ці не пусцілі б вы ў.. [хату] хлопца аднаго на які месяц ці два. Дроў мы неяк прыдбаем. Зарэцкі. // Чамусьці. Неяк нязвыкла глядзець на апушаныя снегам кусты чаромхі, якія паспелі апрануцца ў зеляніну. Ігнаценка.

2. прысл. Аднойчы. Неяк у вольны дзень пайшлі [Міколка з дзедам] рыбу лавіць на раку. Лынькоў. Выйшаў неяк Апанас з кузні, прысеў на бервяно, што ляжала ля жалезнага ламачча. Даніленка.

3. безас. у знач. вык., з інф. Разм. Нельга, няма як. [Віця:] — Ну, гайда са мной?.. [Аўгінька:] — Хату неяк кінуць адну, а то б.. пайшла... Ды і малых нешта няма. Зарэцкі.

неяскра́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены яскравасці. Неяскравыя фарбы.

2. перан. Няясны, невыразны. Што гэта — мроя ці абрыўкі ўспамінаў слабых і неяскравых з далёкага маленства... Гроднеў.

няла́скавасць і неласка́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць няласкавага, неласкавага.

няла́скавы і неласка́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не праяўляе ласкавасці ў абыходжанні з кім‑н.; суровы. Цяпер Зойка гаворыць добра і вучыцца някепска, але няласкавая дзяўчынка, панурая. Арабей. — Ты штось неласкавай стала да свайго паклонніка, Галіна, — сказаў Астапчык, ён быў даўно і добра знаёмы з Галінай і яе братам. Машара. // Які выяўляе суровасць, адсутнасць ласкавасці. Няласкавае абыходжанне. Няласкавы выгляд твару.

2. Няветлівы, недалікатны ў адносінах да каго‑н. Няласкавы прыём. Няласкавы гаспадар.

нялі́тасцівы і нелітасці́вы, ‑ая, ‑ае.

Які не ведае літасці; бязлітасны, жорсткі. Нялітасцівы чалавек.

няско́раны і нескаро́ны, ‑ая, ‑ае.

Які не скарыўся сіле, уладзе каго‑, чаго‑н. Мы зноў у шчасці будзем жыць — Вайной няскораныя людзі. Астрэйка. Недзе там, за лініяй фронту, ляжаў распластаны ворагам, знявечаны, але няскораны родны горад. Новікаў. Усім раскажу я пра мужнасць Тваёй нескаронай душы, Як ты непахісна, мой дружа, Стаяў на сваім рубяжы. Прыходзька.

нястры́маны і нестрыма́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не можа валодаць сабой, стрымлівацца. Усе ведаюць, што Булай нястрыманы, што любіць пакамандаваць. Шыцік.

2. Якога немагчыма стрымаць. З нястрыманаю сілаю і з громам бервяно падае ў ваду. Колас. — Няма куды дзяваць збожжа, — з нястрыманай радасцю сказаў.. [Шаманскі]. Дуброўскі. Сябры скарысталі вясёлы.. настрой для розных смешных успамінаў і далі волю нестрыманаму смеху. Колас.