Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

селено́граф, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне селенаграфіі.

селено́лаг, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне селеналогіі.

селі́н, ‑у, м.

Адна- або шматгадовая расліна сямейства злакаў.

се́лішча, ‑а, н.

Разм. Зямельны ўчастак, заняты будынкамі, садамі. Усе былі рады, што вярнуліся на сваё селішча, да пакінутых амаль тры гады таму назад хат. Пестрак. // Месца, дзе раней было якое‑н. пасяленне. А адтуль — каб масквічкі ўжо ўсё ведалі — падалася [цётка Макрына] з імі па шляху, за зялёную пад лубінам гару, паказаць, дзе было дзедава селішча. Ракітны. [Бацька] убачыў на сваім селішчы толькі груды абгарэлага, задымленага камення ды, глеючыя галавешкі. Мележ.

сель, ‑ю, м.

Гразекаменны бурны паток з гор, які ўтвараецца ў выніку ліўняў, снегу і пад.

[Ад араб. sail — плынь.]

сель...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «сельскі» (у 1 знач.), напрыклад: сельсавет, сельпо, сельмаг.

се́льбішча, ‑а, н.

Уст. Селішча. Раён Нямігі — самы старажытны раён. Тут і рэшткі старадаўніх замкаў і манастыры і рэшткі сельбішчаў Х-ХІ стагоддзяў. «Беларусь». Не абмінула, не праехала міма гэтага дома і наша сям’я, калі мы, дачакаўшыся вызвалення, праз два гады фашысцкае няволі, вярталіся, нарэшце, на бацькаўшчыну, на папялішча спаленага ў вайну свайго сельбішча. Сачанка.

сельва́сы, ‑аў; адз. сельвас, ‑а, м.

Вільготныя трапічныя вечназялёныя лясы ў Паўднёвай Амерыцы.

[Ад лац. selvas — лясы.]

сельгас...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «сельскагаспадарчы» (у 1, 2 знач.), напрыклад: сельгасарцель, сельгастэхніка і пад.

сельгасарце́ль, ‑і, ж.

Сельскагаспадарчая арцель. У калгасе.. абсталяван радыёвузел, ад якога праведзена лінія ў суседнія сельгасарцелі. «Звязда».