раскашэ́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.
Разм. Пайсці на значныя выдаткі; не паскупіцца. Раскашэліцца на вяселле. □ Меліяранскі .. раскашэліўся і наняў вайсковы духавы аркестр. С. Александровіч. [Міход:] — У нас тут што-што, а хлеб будзе. Ды яшчэ цётка Хіма як раскашэліцца, то і да хлеба сёе-тое знойдзе для такой сваячкі, як вы. Сабаленка.
раскашэ́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да раскашэліцца.
2. Абл. Раскашавацца. — Вось днямі агульны сход будзе: вытураць Карапыша, хопіць яму тут раскашэльвацца. Даніленка. Пад парканам раскашэльваліся мята і бабіна лета. Чорны.
раска́янне, ‑я, н.
Шкадаванне аб тым, што самім жа зроблена, усведамленне сваёй віны. [Люду] то грызла раскаянне за сваю паспешлівасць, то нават узнімалася злосць на Петрака. Асіпенка.
раска́яцца, ‑каюся, ‑каешся, ‑каецца; зак.
Пашкадаваць аб зробленым учынку, прызнаўшы яго памылковым або благім. Аднак, поўная трывогі, нягледзячы на сварку, .. [Вера] ўчора за вячэрай зноў папрасіла Максіма Сцяпанавіча з’ездзіць да дырэктара інстытута. Папрасіла і раскаялася. Карпаў. Гераіня К. Чорнага выходзіць замуж за кулака па разліку, але вельмі скора павінна раскаяцца ў гэтым кроку. Адамовіч.
расква́кацца, ‑аецца; зак.
Разм. Пачаць моцна і доўга квакаць. Жабы нешта расквакаліся.
расквакта́цца, ‑квакчуся, ‑квокчашся, ‑квокчацца і расквахта́цца, ‑квахчуся, ‑квохчашся, ‑квохчацца; зак.
Пачаць моцна і доўга квактаць (квахтаць). [Стась:] Ну чаго вы так расквакталіся над ёй? У яе яшчэ ўсё жыццё наперадзе. Губарэвіч. Расквахталася, як курыца на дождж. Прымаўка.
расква́сіцца, ‑сіцца; зак.
Разм. Размокнуць ад залішняй вільгаці, стаць гразкім. Дні тры запар вісеў над пасёлкам сыры, цёплы туман, тачыў снег, і ён хутка чарнеў, асядаў; дарога зусім расквасілася. Савіцкі.
расква́сіць, ‑квашу, ‑квасіш, ‑квасіць; зак., што.
Разм.
1. Размачыць, зрабіць гразкім. Вада заліла лагчыны, расквасіла нізіны, а праз іх і да ўзгоркаў не дабрацца. Бялевіч. / у безас. ужыв. Ісці цяжка: дарогу расквасіла, да чаравікаў прыліпаюць камякі гразі. Навуменка.
2. Разбіць да крыві (нос, твар і пад.). Расквасіць нос. □ — Што было... Што было, — адказваючы на роспыты, сказаў Цімох, — ды расквасіў плешкаю галаву аднаму, другі раз, мо, не палезе. Мурашка.
раскватарава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. раскватараваць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. раскватаравацца.
раскватарава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад раскватараваць.