Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

недалічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак., што і чаго.

1. Не закончыць лічэння, падлікаў чаго‑н.

2. Тое, што і недалічыцца.

недало́мак, ‑мка, м.

Абл. Кавалак якога‑н. зламанага прадмета. [Тварыцкі] пераклаў недаломак дугі на другое плячо і рушыў далей. Чорны.

недало́ў, ‑лову, м.

Улоў меншы нормы. // Частка ўлову, якой не хапае да вызначанай нормы.

недалу́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑лузе, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм.

1. Слабы, хваравіты чалавек; інвалід. [Лятун:] — Стары я, браткі, недалугай раблюся. Што год, то горш. Лынькоў.

2. Няспрытны, няўмелы чалавек; недарэка, няўклюда. — Чаго поркаешся? От, недалуга, — гукнула Марфа знізу. — Хутчэй. Савіцкі.

недалу́жнасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць і стан недалужнага.

недалу́жны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Слабы, хваравіты. Быў гэты певень крыху недалужны, кульгаў на адну нагу. Лынькоў. // Бяссільны. Пакуль пануе звон ланцужны, То твой пратэст — крык недалужны. Колас.

2. Непрыглядны, няскладны, няўклюдны. З выгляду [чалавек] так сабе — недалужны, затое на язык бойкі: за словам у кішэню не лезе. Якімовіч. // Недарэчны, сказаны не да месца. [Лясніцкі] хацеў быў перавесці.. [Нініны словы] на жарт, але замест гэтага вырваўся з вуснаў недалужны дакор. Зарэцкі.

3. перан. Недалёкі, прастакаваты. [Рыбаку] на хвіліну здалося, што Партноў.. нейкі недалужны блытанік, але тут жа ён здагадаўся: следчы хоча заблытаць яго. Быкаў.

недальнаба́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць недальнабачнага; няўменне прадбачыць.

недальнаба́чны, ‑ая, ‑ае.

Няздатны прадбачыць вынікі чаго‑н., непрадбачлівы. Недальнабачны чалавек. // Заснаваны на няздатнасці правільна прадбачыць. Недальнабачная палітыка.

недалю́бліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Адчуваць непрыязнасць, непрыхільнасць да каго‑, чаго‑н. Сяргей Моніч быў залішне самаўпэўнены, таму людзі крыху недалюблівалі яго. Бажко. [Даміра:] — Крытыка — рэч карысная. Шкада, што ў нас яе недалюбліваюць. Асіпенка.

недалячы́цца, ‑лячуся, ‑лечышся, ‑лячыцца; зак.

Не зусім, няпоўнасцю вылечыцца.