збрадзі́ць, збраджу, збродзіш, збродзіць; зак., што.
Падвергнуць што‑н. браджэнню.
збракава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго-што.
Знайшоўшы брак, загану, прызнаць непрыгодным. Мяне гэты доктар-дзівак на першым жа медыцынскім аглядзе збракаваў за маю дэфектную, сагнутую ў локці руку. Гарэцкі.
збра́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Зак. да братацца.
збраха́цца, збрашуся, збрашашся, збрэшацца; зак.
Разм. Зраўняцца з кім‑н. у брахні. Каб з сямі вёсак сабак пазганяў, то з ім не збрэшуцца. З нар.
збраха́ць, збрашу, збрэшаш, збрэша; зак., што і без дап.
Разм. Схлусіць. Не даць збрахаць. □ Дачцы [Каетан] збрахаў, што люстэрка некалі яму падаравалі ў маёнтку. Броўка. // Сказаць, выдумаць што‑н. несур’ёзнае, пустое, смешнае. Той такі выдумшчык, што як збрэша — жываты папарвяце. Мележ.
збрахну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак. і аднакр., што і без дап.
Разм. Тое, што і збрахаць.
збрашурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; што.
Зак. да брашураваць.
збраяно́сец, ‑сца, м.
У сярэднія вякі — малады воін, які насіў зброю рыцара.
зброд, ‑у, М ‑дзе, м., зб.
Разм., пагард. Бязладнае зборышча выпадковых людзей. Усякі зброд. □ Вам імпануе гэты зброд? — спытаў [Альшэўскі] у Марысі, паказваючы на дзядзькоў, што сядзелі непадалёк. Бажко. // Пра шкодных, небяспечных для грамадства людзей. Панскі зброд. Фашысцкі зброд. □ І калі яшчэ не пакаралі — Пакараем той крывавы зброд, Тых, што чалавецтва абакралі На мільёны год. Панчанка.