галу́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.
1. Самка голуба.
2. Разм. Ужываецца як ласкавы зварот да жанчыны. Спявай мне, дзяўчынка, пра кветкі, пра гай, Пра лепшыя дні, пра вясну, Пра наша каханне, галубка, спявай — Пад ціхі твой спеў я засну. Чарот.
галубо́к, ‑бка, м.
1. Памянш.-ласк. да голуб (у 1 знач.); малады голуб.
2. Разм. Ужываецца як ласкавы зварот да маладзейшага за сябе мужчыны. — Аслаб я вельмі, галубок, Ігнасік, дай напіцца. Бялевіч.
галубцы́, ‑оў; адз. галубец, ‑бца, м.
Страва, прыгатаваная з мяснога ці якога‑н. іншага фаршу, загорнутага ў капусныя лісты і тушанага ў соусе. — А я такіх галубцоў нагатавала, што Пеця ледзь ад талеркі адарваўся, — ласкава казала Рыпіна. Стаховіч.
галу́бчык, ‑а, м.
Разм. Ужываецца як ласкавы зварот да мужчыны. Гарун упаў на калені. — Павел Сцяпанавіч... галубчык, родны. Богам клянуся, дзецьмі сваімі. Не віноўны я. Шамякін. / З адценнем папроку, пагрозы, зларадства. Папаўся, галубчык! □ — А ну, падымайся, галубчык! — раптам крыкнула.. [Люба], тупнуўшы нагою. Марціновіч.
галубяня́ і галубянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.
Птушаня голуба.
галубя́тнік, ‑а, м.
1. Чалавек, які займаецца дрэсіроўкай галубоў; любіцель галубоў. [Віктару] таксама хацелася пахваліцца, што ён перабудаваў галубятню, нечакана пазнаёміўся з галубятнікам з суседняй вёскі, тутэйшым настаўнікам, і выменяў у яго пару рэдкіх паштавікоў. Шамякін.
2. Лоўчая птушка (ястраб, сокал), якую выпускаюць на галубоў.
3. Разм. Тое, што і галубятня.
галубя́тня, ‑і; Р мн. ‑бяцень; ж.
Памяшканне для галубоў, якое робіцца на даху, у падстрэшшы і пад. Дом стаіць у цэнтры сяла на каменным падмурку, наверсе — прыгожая галубятня, пафарбаваная ў блакітны колер. Гамолка. // перан. Разм. Высокае месца (звычайна пра жыллё, размешчанае на самым высокім паверсе). Адно.. кепска: занадта высока і лесвічныя пралёты крутыя — пакуль Заранік падымецца на галубятню, як ён называе свой пакой, задыхваецца: сэрца... Хадкевіч.
галубя́ціна, ‑ы, ж.
Разм. Мяса голуба як прадукт харчавання.
галу́н 1, ‑у, м.
Падвойная сернакіслая соль алюмінію, марганцу і інш. (у крышталічнай форме скарыстоўваецца ў тэхніцы, а таксама для спынення крыві пры парэзах).
галу́н 2, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Залатая, сярэбраная або мішурная тасьма, якая нашываецца на форменнае адзенне. Нашыць палоскі з галуну.
2. ‑а. Нашыўка з гэтай тасьмы. На сонцы зброя залаціцца, і ззяе шоўк і галуны. Машара.
[Фр. galon.]
галу́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да галуна 2. Галунны шнур. Галунны каўнерык.