Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перано́сіцца, ‑ношуся, ‑носішся, ‑носіцца; незак.

1. Незак. да перанесціся.

2. Зал. да пераносіць.

перано́сіць, ‑ношу, ‑носіш, ‑носіць.

Незак. да перанесці.

•••

Не пераносіць каго-чаго — вельмі не любіць, адчуваць агіду да каго‑, чаго‑н.

перано́ска, ‑і, ДМ ‑носцы, ж.

Разм.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пераносіць — перанесці (у 1–6 знач.).

2. Р мн. ‑сак. Пераносная лямпа. Славік падняў вышэй «пераноску», ад яркага святла якой слязіліся вочы. Шамякін.

перано́снасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пераноснага (у 2 знач.). Пераноснасць значэння слова.

перано́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які лёгка пераносіцца з месца на месца. Пераносны станок. // Спецыяльна прыстасаваны для пераносу. Пераносная радыёстанцыя. Пераносная лямпа.

2. Не прамы, іншасказальны; метафарычны (пра значэнне, сэнс слова). — Ну які ты наіўны! Шэсць сутак трэба разумець не ў дакладным сэнсе, а ў пераносным. Карпюк. Разыходзяцца іхнія [Турсевіча і Лабановіча] дарогі ў розныя бакі — і ў простым і ў пераносным сэнсе. Колас.

перано́ссе, ‑я, н.

Верхняя частка носа ніжэй ілба паміж вачамі. Твар хлопец меў грубаваты, з.. шырокім носам і густымі бровамі, якія зрасліся на пераноссі. Карпюк.

перано́счык, ‑а, м.

1. Той, хто пераносіць што‑н.

2. Перадатчык якой‑н. хваробы, інфекцыі. Пераносчык заразы. // перан. Распаўсюджвальнік якіх‑н. ідэй, поглядаў і пад. І адначасова [Лотр] з болем адчуваў, што сам ён — толькі пераносчык чужых думак, што ён ніколі не здолее да канца развіваць іх і рабіць з іх такія далёкія, канчатковыя высновы, што ён — твар царквы, але ніяк не сэрца, не розум, не зброя яе. Караткевіч.

перано́счыца, ‑ы, ж.

Жан. да пераносчык.

перано́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перанасіць.

•••

Ношаны і пераношаны — вельмі стары, зношаны.

перано́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перанасіць.