перапе́рці, ‑пру, ‑прэш, ‑прэ; ‑пром, ‑праца; пр. перапёр, ‑перла; заг. перапры; зак.
Разм.
1. што. Перанесці, перацягнуць што‑н. з цяжкасцю на другое месца.
2. каго. Узяць верх, перамагчы ў спрэчках; пераканаць. Маці ведала нораў свае малодшае дачушкі: гэту не перапрэш! Васілевіч.
перапе́рчаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пераперчыць.
перапе́рчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пераперчыць.
перапе́рчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.
Вельмі наперчыць, перадаць перцу ў якую‑н. страву. Пераперчыць суп.
перапе́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад перапець.
перапе́ў, ‑певу, м.
1. Паслядоўнае чаргаванне напеўных гукаў. Птушыны перапеў. □ Прынясі мне вечарынай Перапеў крыніцы, Падары ты мне ўсмешку, Што ярчэй зарніцы. Русак.
2. перан. Паўтарэнне вядомага, раней сказанага. Перапевы старых ісцін. // Адлюстраванне чаго‑н. у форме напеўных гукаў. Зыкі зурновыя — зыкі мае вы, — майго сэрца званы, Вы — маіх думак і мар перапевы... Гурло.
перапе́ць, ‑пяю, ‑пяеш, ‑пяе; ‑пяём, ‑пеяце; зак.
1. што. Спець, папець усё, многае. Перапець усе песні. □ З якою радасцю я пабег потым дахаты, каб перапець усе новыя прыпеўкі бацьку і маці. Сіпакоў.
2. што. Спець зноў, іначай. Перапець куплеты другі раз.
3. каго. Спець лепш, прапець даўжэй за каго‑н.; перамагчы ў спевах. Усе любілі нашы казацкія песні слухаць.. Збяруцца хлопцы. Дык мы — хто каго перапяе. Яны сваю песню, а мы сваю. Няхай.
перапе́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад перапячы.
перапе́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Хлеб круглай формы пераважна з пшанічнай мукі. Ні раней, ні пасля Уля не піла такога чаю.. Гэта быў кіпень з чорнага аплеценага гляка. Кіпень з мёдам і кіславатай перапечкай. Паўлаў.
перапёлачнік, ‑а, м.
1. Невялікі ястраб, які корміцца перапёлкамі і іншымі дробнымі птушкамі.
2. Паляўнічы, які палюе на перапёлак.