Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перанасычэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. перанасычаць — перанасыціць і стан паводле знач. дзеясл. перанасычацца — перанасыціцца.

перанасяле́нне, ‑я, н.

Адносны лішак насельніцтва, уласцівы капіталістычнаму грамадству, дзе частка працаздольнага насельніцтва пазбаўлена магчымасці скарыстаць свае сілы для атрымання сродкаў існавання.

перанасялі́ць, ‑сялю, ‑селіш, ‑селіць; зак., што.

Насяліць густа, звыш меры. Перанасяліць край. Перанасяліць дом. Перанасяліць кватэру.

перанасяля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да перанасяліць.

пераначава́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак.

Застацца дзе‑н. на начлег; правесці дзе‑н. ноч. Пераначаваць у лесе. □ — Ці нельга ў вас пераначаваць падарожнаму чалавеку? — запытаў жабрак і дадаў: — Вечар блізка, а вёскі нідзе не відаць... С. Александровіч. Маленькі балоты астравок, на якім мы збіраліся толькі пераначаваць, стаў нашым часовым лагерам. Казлоў.

перанервава́цца, ‑нервуюся, ‑нервуешся, ‑нервуецца; зак.

Разм. Моцна панервавацца. Прайшло каля пятнаццаці хвілін, пакуль .. [афіцыянт] прынёс першую страву. Рыгор перанерваваўся і папракнуў яго. Гартны.

перане́сены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перанесці.

перане́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. перанёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; заг. перанясі; зак.

1. каго-што. Забраўшы з аднаго месца, перамясціць у другое, даставіць куды‑н. Перанесці дровы пад павець. Перанесці лямпу ў другі пакой. □ У той вечар .. дзеду зрабілася холадна, і ён папрасіў, каб перанеслі яго на печ. Сачанка. Пакінуўшы бацькоўскую хату, Лена ўсё, што ёй было патрэбна, перанесла і перавезла ў клуб, пасялілася там у невялічкім пакойчыку. Ваданосаў. // Несучы, перамясціць цераз што‑н., на другі бок чаго‑н. Перанесці хлапчука цераз ручай. // перан. Пераключыць увагу, думкі на што‑н. іншае. Грукат колаў Марыну з высокіх нябёс Зноў на дрогкую нашу зямлю перанёс. Куляшоў.

2. што. Змяніць месцазнаходжанне чаго‑н., размясціць у іншым месцы. Перанесці сталіцу ў іншы горад. □ Нарада па сваёй люднасці атрымалася значна большая, чым думалі, і яе прыйшлося перанесці ў памяшканне канторы. Ермаловіч. // Перамясціць, пераставіць які‑н. будынак у другое месца. Дома бацька вельмі часта.. меркаваў сам сабе, колькі спатрэбіцца новага дрэва, каб перанесці на новае месца хату. Чорны.

3. што. Пераключыць з аднаго на другое, накіраваць на што‑н. іншае. Калі артылерысты перанеслі агонь углыбіню, у бой пайшлі танкі і пяхота. Мележ. // Распаўсюдзіць, пашырыць што‑н. на каго‑н. другога, на што‑н. другое. Перанесці перадавы вопыт на ўсе прадпрыемствы. □ [Віктар] зразумеў, што гэта Карызна перанёс на яго ўвесь комплекс пачуццяў, якія раней меў да Зеленюка. Зарэцкі.

4. што. Адкласці на другі час. Перанесці пасяджэнне на вечар.

5. што. Размясціць, падаць частку якога‑н. тэксту ў другім месцы. Перанесці працяг рамана ў наступны нумар часопіса. // Аддзяліць частку слова для пераносу ў наступны радок згодна з правіламі правапісу. Перанесці апошні склад слова.

6. што. Адлюстроўваючы што‑н. графічным спосабам, падаць, абазначыць у іншым месцы. Перанесці задуму на чарцёжны ліст. Перанесці ўмоўныя знакі на карту. □ — Каб я ўмеў маляваць, — сказаў Лабановіч, — я перанёс бы яе [каплічку] на паперу. Колас.

7. што. Зазнаць, перажыць што‑н. непрыемнае, цяжкае; перацярпець. Жаўтаваты твар з прамяністымі маршчынамі вакол вачэй гаварыў, што нямала гора перанесла кабета. Васілевіч. За дзень .. [жанчыны] так стаміліся і перанеслі столькі хваляванняў, што іх адразу пацягнула да сну. Няхай. // Пераадолець, вынесці. Расліны перанеслі засуху. Перанесці запаленне лёгкіх.

перане́сціся, ‑нясуся, ‑нясешся, ‑нясецца; ‑нясёмся, ‑несяцеся; пр. перанёсся, ‑неслася і ‑няслася, ‑неслася і ‑няслося; заг. перанясіся; зак.

1. Хутка перамясціцца куды‑н. Агонь перанёсся ў лес, патрэсквала сухое сучча, чырвоныя істужкі пераскоквалі з дрэва на дрэва, пакідаючы рыжавата-чорныя плямы. Гурскі. Нібы птушка, адарваўся [алень] ад зямлі, узняўся ў паветра і плаўна перанёсся цераз ствол на сваіх нябачных крыл[ах]. В. Вольскі. // Распаўсюдзіцца на што‑н. другое, перамясціцца ў іншае асяроддзе. Пачалося ўпартае змаганне за сцэну. Змаганне перанеслася ў школу, дзе сярод вучняў было многа гурткоўцаў. Галавач.

2. перан. Перанесці сябе ў думках, уяўленнях у іншае месца, іншае асяроддзе і пад. Перанесціся ў мінулае. □ [Маша] перанеслася ў думках на палі сваёй брыгады, пераходзіла з ўчастка па ўчастак, любавалася маладою рунню. Шамякін.

перані́заны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перанізаць.