расшчамля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да расшчаміць.
расшчапі́цца, ‑шчэпіцца; зак.
1. Раскалоцца, раздзяліцца на часткі. Палка расшчапілася. □ Грукнуў кулаком аб сасновы стол [Ціхан] так моцна, ажно стол расшчапіўся. Бядуля. Верхавіна [дуба] ад перуновага ўдару крыху расшчапілася і засохла. Ляўданскі. // Раздрабіцца ад удару. Косць расшчапілася.
2. Перастаўшы сціскацца, паслабіцца, разняцца, раз’яднацца. Вольчыны пальцы самі расшчапіліся, і вяргіні ўпалі на дол. Марціновіч.
3. Спец. Раздрабіцца, распасціся на часткі. Валакно расшчапілася.
4. Спец. Раскласціся на часткі ў выніку хімічнай рэакцыі. Эфір расшчапіўся.
5. Спец. У выніку фізічнага ўздзеяння распасціся (пра атамы).
расшчапі́ць, ‑шчаплю, ‑шчэпіш, ‑шчэпіць; зак., што.
1. Раскалоць, раздзяліць на часткі. Расшчапіць палена. □ Вострым канцом дроту Толіку нарэшце ўдалося расшчапіць драўляны круглячок, якім была заткнута гільза, на дробныя кавалкі і павыцягваць іх па аднаму. Зуб. Другі снарад расшчапіў сасну, на якой сядзеў жвавы канаплянік. Чыгрынаў. // Моцным ударам разбіць, раздрабіць. Калі дзед Талаш пачынаў прыпамінаць, як абышліся з ім жаўнеры, то злосць з новаю сілаю агортвала яго, і тады ён шкадаваў, чаму не расшчапіў галоў гэтым грабежнікам. Колас.
2. Перастаць сціскаць; разняць, раз’яднаць. Расшчапіць зубы. Расшчапіць рукі. □ Аксеня ўжо адсунулася ад замка і апусціла рукі. А потым працягнула адну з іх у бок Гаўруся і расшчапіла кулак. Ключ упаў на зямлю. Брыль. — Т-так... — пачаў .. [Алёша] аглядаць шэрага птаха. Паглядзеў пад крылы, расшчапіў чырвоную дзюбку і доўга глядзеў у рот. Нядзведскі.
3. Спец. Раздрабіць, прымусіць распасціся на часткі. Расшчапіць валокны.
4. Спец. Раскласці на часткі пры дапамозе хімічнай рэакцыі. Расшчапіць эфір.
5. Спец. Фізічным уздзеяннем прымусіць распасціся (атам). Расшчапіць атам у рану.
расшчапле́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. расшчапляць — расшчапіць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. расшчапляцца — расшчапіцца.
расшчапля́цца, ‑яецца; незак.
1. Незак. да расшчапіцца.
2. Зал. да расшчапляць.
расшчапля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да расшчапіць.
расшчо́дрывацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да расшчодрыцца.
расшчо́дрыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
Выявіць шчодрасць; нечакана стаць шчодрым. — Вазьмі [гармонік]. Назусім, — расшчодрыўся.. [Франц]. — Паспрабуй сыграць. Даніленка.
расшчо́ўкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Пачаць моцна, з запалам і працягла шчоўкаць. Салаўі расшчоўкаліся ў лесе.
расшчэ́млены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад расшчаміць.