Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перапаро́цца, ‑порацца; зак.

Разм. Перабадацца.

перапаро́ць, ‑пару, ‑пораш, ‑пора; зак.

1. што. Распароць усё, многае. Перапароць усе швы.

2. каго-што. Пакалоць чым‑н. вострым усё, многае або ўсіх, многіх.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), каго. Разм. Перабадаць.

4. што. Разм. Абшукаць усё, усюды. Перапароць увесь двор. □ [Аляксей:] — Ты, брат, не помніш, дзе што кладзеш!.. — Я перапароў усю страху — не знайшоў. Пестрак.

перапа́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Доўга парачыся, страціць патрэбныя якасці, стаць непрыгодным. Перапарылася бручка.

2. Доўга парачыся, прычыніць сабе шкоду. Перапарыцца ў лазні.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Спарыцца, папарыцца — пра ўсё, многае.

перапа́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. што. Доўга парачы, пазбавіць патрэбных якасцей; зрабіць непрыгодным. Перапарыць гарох.

2. каго. Доўга парачы ў лазні, пашкодзіць чыё‑н. здароўе.

3. што. Спарыць, папарыць усё, многае. Перапарыць усю бульбу.

перапа́сці, ‑падзе; пр. перапаў, ‑ла; заг. перападзі; зак.

1. Прыйсціся, дастацца на чыю‑н. долю. Вялікая колькасць пахвал, прызначаная калектыву, перапала аднаму Булаю. Шыцік. [Мешчанчукі] не купляюць і не прадаюць, але памагаюць людзям збываць тавар з надзеяй, што і ім перападзе сякі-такі магарыч. С. Александровіч. // безас. Дастацца, папасці (аб пакаранні каго‑н.). Падышоў і я паглядзець на смельчака і пазнаў у ім таго васпаватага сержанта, які страляў тады на двары і якому перапала ад капітана Гулявіцкага. Сабаленка. Тата не бачыць, які мурзаты Юзік, а то перапала б. Лось.

2. Выпасці, прайсці зрэдку (пра дождж, снег і пад.). Неяк у палове верасня перапалі два невялікія дожджыкі і неба зноў анямела. Дуброўскі.

3. Абл. Пахудзець, схуднець. [Алёша] змяніўся з твару — перапаў і зблажэў. Вітка. Выходзіў дзень у дзень на поле, Хоць і ўчарнеў і перапаў, А досвітку яшчэ ніколі У цёплай хаце не праспаў. Грахоўскі.

перапатрашы́ць, ‑трашу, ‑трошыш, ‑трошыць; зак., каго-што.

Разм. Выпатрашыць усё, многае або ўсіх, многіх.

перапатро́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перапатрашыць.

перапаўза́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. перапаўзаць — перапаўзці.

перапаўза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перапаўзці.

перапаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. перапоўз, ‑паўзла, ‑паўзло; заг. перапаўзі; зак., што, цераз што і без дап.

1. Перамясціцца паўзком цераз што‑н., на другі бок чаго‑н., з аднаго месца на другое. Перапаўзці дарогу. Перапаўзці цераз насып. Перапаўзці ў іншае месца. □ Недалёка між елак [Мікола і Таня] заўважылі маленькую палянку. Цішком перапаўзлі туды. Новікаў.

2. перан. Разм. Павольна, з цяжкасцю перайсці, перабрацца цераз што‑н., на другі бок чаго‑н., з аднаго месца на другое. Танкі перапаўзлі цераз акопы. □ Сонца, якое так нядаўна .. села амаль на паўночным захадзе, перапаўзло, хаваючыся за далягляд, на паўночны ўсход. Брыль.