цырато́вы, ‑ая, ‑ае.
Зроблены з цыраты. Па дарозе папалася.. [Лабановічу] некалькі будак, пунктаў паліцэйскай варты, каля якіх звычайна стаялі або тупалі гарадавыя ў цыратовых плашчах. Колас. У маіх руках — тоўсты агульны сшытак у цыратовай вокладцы. Хомчанка.
цырк, ‑а, м.
1. Від тэатральнага мастацтва, які ўключае акрабатыку, эквілібрыстыку, жангліраванне, клаунаду, эксцэнтрыку, дрэсіроўку жывёл і пад. У цырку, у трэцім аддзяленні, Назарава давала прадстаўленне, — Вялізных тыграў утаймоўвала яна. Корбан.
2. Будынак з амфітэатрам і арэнай, прызначаны для цыркавых паказаў; установа, якая арганізуе такі паказ. Калі пабачыў акрабатаў у цырку, дык яны так ачаравалі яго, што ў Ніка нарадзілася мара стаць калі-небудзь сапраўдным акрабатам. Лынькоў.
[Лац. circus.]
цыркавы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да цырка, належыць цырку. Цыркавое мастацтва. Цыркавое абсталяванне. □ Нагадваў.. [чалавек] не то баксёра сярэдняй вагі, не то цыркавога барца. Машара.
цы́рканне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. цыркаць (у 1 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Адтуль [з кароўніка] чулася звонкае, па-свойску для Алеся любае цырканне сырадою ў пустое яшчэ вядро. Брыль. У расчыненых хлявах там і тут чулася цырканне малака ў даёнкі. Мележ.
цыркану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да цыркаць.
цыркападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Па форме і выгляду падобны на будынак цырка. [Будынак ААН] нагадвае велізарны, на 40 паверхаў, запалкавы карабок са шкла і жалезабетону з дзіўнай цыркападобнай прыбудовай. Новікаў.
цыркара́ма, ‑ы, ж.
Кінатэатр з экранам, які акружае глядзельную залу.
цыркара́мны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да цыркарамы. Цыркарамны фільм.
цырка́цкі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да цыркача, уласцівы цыркачу. Цыркацкі трук.
цырка́цтва, ‑а, н.
Разм. Выкананне чаго‑н. з трукамі, прыёмамі, звычайнымі ў цырку. Элементы цыркацтва.