Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

радзі́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Разм. Радзільны дом; радзільнае аддзяленне. Спыніўся [чалавек] каля нас, паздароўкаўся. Потым пытаецца, калі прымаюць перадачу ў радзілцы. Каршукоў.

радзі́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для аказання медыцынскай дапамогі пры родах. Радзільнае аддзяленне бальніцы. Радзільны дом.

2. Які бывае пры родах. Радзільная гарачка.

радзі́льня, ‑і, ж.

Разм. Пакой, дзе раджаюць дзяцей.

радзі́ма, ‑ы, ж.

1. Краіна, якая гістарычна належыць пэўнаму народу і якую гэты народ насяляе; бацькаўшчына. Маладыя калгаснікі пайшлі ў Чырвоную Армію са зброяй у руках абараняць сваю радзіму. Колас. Паўстала радзіма, замок Няволі зламала навек, Надзела з пралесак вянок І слёзы сагнала з павек. Купала. // Месца нараджэння каго‑н. Пра славу я тваю дачуўся, Радзіма, Случчына мая! Астрэйка. Калі Альшэўскі збіраецца на радзіму, да маці, яго заўсёды ахоплівае асаблівы настрой. Навуменка.

2. Месца ўзнікнення, паходжання чаго‑н. — Сея — мясцовая назва сіга, — растлумачыў інжынер. — Радзіма гэтай рыбы — Чудское возера. В. Вольскі.

радзі́мец, ‑мцу, м.

Разм. Прыпадак хваробы ў маленькіх дзяцей (а таксама ў парадзіх і цяжарных жанчын), які суправаджаецца сутаргамі і стратай прытомнасці.

радзі́мічы, ‑аў; адз. радзіміч, ‑а, м.

Групы ўсходнеславянскіх плямён, якія жылі ў першым тысячагоддзі ў міжрэччы Дняпра і Дзясны па цячэнню ракі Сож і яе прытокаў.

радзі́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

Прыродная плямка на скуры чалавека. Зусім блізка, як ніколі, .. [Валерый] бачыў твар Мар’яны, невялічкую радзімку на яе разрумяненай шчацэ, нават прыкмеціў, як на шыі б’ецца, пульсуе жылка. Стаховіч.

радзі́мы, ‑ая, ‑ае.

Нар.-паэт. Родны. І чырвоным сцягам раскінулася па карце радзімая краіна. Шахавец. Васільковы брала [Галя] колер на сваім радзімым полі. Дубоўка. // у знач. наз. радзі́мы, ‑ага, м.; радзі́мая, ‑ай, ж. Ласкавы зварот. Сустракай, радзімая, Мёдам, пірагамі. Броўка.

•••

Радзімая пляма гл. пляма.

радзі́на, ‑ы, ж.

Разм. Радня, сям’я. Новая лазня з часам стала занадта раскошнай для Кагутовай радзіны. Караткевіч.

радзі́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да радзін. Радзінныя песні. Радзінная паэзія.