пуры́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Прыхільнік пурызму. Для пурыстаў трыццатых — саракавых гадоў стыль Гогаля здаваўся нязграбным. «Полымя».
пуры́стка, ‑і, ДМ ‑стцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да пурыст.
пурысты́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пурызму, да пурыстаў. Пурыстычныя тэндэнцыі.
пуры́сцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пурызму, пурыстаў; характэрны для пурыстаў. Пурысцкія погляды.
пурытані́зм, ‑у, м.
1. Рэлігійна-палітычны рух англійскай буржуазіі ў 16–17 стст., накіраваны супроць абсалютызму і элементаў каталіцызму ў англійскай царкве.
2. перан. Строгае, часта паказное, захаванне маралі і нецярпімасць да адхіленняў ад прынятай маралі. — Сорамна неяк. — Адкінь ты гэты непатрэбны пурытанізм. Ах, я ва ўсім вінаватая... Савіцкі.
пурыта́нін, ‑а; мн. ‑тане, ‑тан; м.
1. Прыхільнік, паслядоўнік пурытанізму.
2. перан. Пра чалавека строгай маралі, нецярпімага да адхіленняў ад прынятай маралі. Дык які ж сухі пурытанін вырашыў, што немэтазгодна святкаваць беларусам Купалле, рускім — Русальны дзень, а латышам — Ліго. Караткевіч.
пурыта́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да пурытанін.
пурыта́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пурытанізму, пурытан.
пуск, ‑у, м.
Дзеянне паводле дзеясл. пускаць — пусціць (у 5 знач.).