Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пераба́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перабачыць.

пераба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

Разм. Пабачыць шмат чаго, усё або ўсіх, многіх. Сіроты... Колькі я перабачыў такіх на дарогах вайны!.. Ракітны. // Перажыць, зазнаць. Яны ж гэтулькі .. перабачылі разам, прайшлі гэтакія дарогі, і няма ніякага дзіва, што ён проста прывык да яе. Сабаленка.

перабая́цца, ‑баюся, ‑баішся, ‑баіцца; зак.

Разм. Шмат разоў перажыўшы страх, перастаць баяцца. Смерці ў баі .. [Сотнікаў] не баяўся — перабаяўся ўжо за дзесятак самых безнадзейных выпадкаў. Быкаў.

перабе́г, ‑у, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. перабягаць — перабегчы.

перабе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце, ‑бягуць; пр. перабег, ‑ла; заг. перабяжы; зак.

1. Перамясціцца бягом з аднаго месца ў другое, куды‑н. Перабегчы ў кусты. □ Мы перачакалі ў канаве, перабеглі далей, да лесу, і там трохі аддыхаліся. Лось. Ад гумна да хлява мігнуўся, перабег, прыгнуўшыся, нехта чужы. Брыль. // перан. Разм. Перавесціся, паступіць на другое месца працы, вучобы і пад. — Можа, на другі завод перабег? — разважна спытаў Піліп. — Наўрад, — усумніўся Васіль. — Хутчэй за ўсё махнуў дадому. Кулакоўскі.

2. што і праз (цераз) што. Прабегчы цераз што‑н., на процілеглы бок чаго‑н. Салдат перабег дарогу, скочыў праз канаву і, спатыкаючыся, накульгваючы, бег уздоўж руч[ая] ў глыб лесу. Лынькоў. [Сабака і Ліпка] перабеглі шашу, апынуліся на вузкай, абсаджанай дрэўцамі дарозе. Брыль. А калі пачало змяркацца, [Кірык] крадучыся абышоў па канаве сад, перабег цераз агарод і вярнуўся дадому. Ляўданскі.

3. перан. Перайсці на бок праціўніка; перайсці ў стан іншага лагера, групоўкі і пад. Баннік вырашыў так, што паліцыя — не так ужо і страшна: ён возьме зброю ў рукі і адразу перабяжыць да партызан. Федасеенка.

4. што і без дап. Забегчы далей, чым патрэбна. Перабегчы лішняе.

5. перан. Пралегчы, працягнуцца (пра дарогу, выцягнутую паласой прастору). Дарога па ўскрайку сяла Праз Плёсы мае перабегла І ў сэрцы тваім пралягла. Аўрамчык.

•••

Перабегчы дарогу каму — тое, што і перайсці дарогу каму (гл. перайсці).

(Чорная) кошка перабегла паміж кім гл. кошка.

перабедава́ць, ‑бядую, ‑бядуеш, ‑бядуе; зак.

Перажыўшы бяду, кончыць бедаваць. Людзі перабедавалі ўжо, хоць не маглі звык[нуцца], што ў калгасе няма Андрэя Дзедзіхі. Пташнікаў.

перабе́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; ж.

1. Перамяшчэнне з аднаго месца ў другое бягом. Хутка і зладжана, перабежкамі, прабіраліся аддзяленні роты. Алешка.

2. Пераход на бок праціўніка.

3. Спец. Від канькабежнага кроку на паваротах.

4. Спец. Паўторнае спаборніцтва па бегу для ўдакладнення канчатковых вынікаў.

перабе́жчык, ‑а, м.

Той, хто перайшоў на бок праціўніка і добраахвотна здаўся ў палон. А праз вечары тры, позняй ноччу, у штаб палка патруль даставіў перабежчыка. Барашка.

перабе́жчыца, ‑ы, ж.

Жан. да перабежчык.

перабе́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перабяліць.