Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

недаліка́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць недалікатнага. Недалікатнасць абыходжання.

недаліка́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Няветлівы ў абыходжанні з людзьмі; грубы. — Ты не злуй, ён п’яны і, праўда, крыху недалікатны. Чорны. [Міхась] распачаў перагаворы з недалікатным гаспадаром двара. Якімовіч. // Няскромны, нетактоўны. Недалікатнае пытанне. Недалікатная парада.

2. Пазбаўлены мяккасці, рэзкі; неасцярожны. Недалікатны дотык. Недалікатныя рухі.

3. Які мае грубую афарбоўку, пах і пад. Недалікатныя духі.

недалі́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад недаліць.

недалі́ў, ‑ліву, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. недаліваць — недаліць.

2. Колькасць якой‑н. вадкасці, якой не хапае да патрэбнай меры. Недаліў бензіну да трох літраў.

3. Спец. Няпоўная заліўка ліцейнай формы металам, у выніку чаго атрымліваюцца дэфекты ліцця.

недалі́ўка, ‑і, ДМ ‑ліўцы; Р мн. ‑лівак; ж.

Спец. Тое, што і недаліў (у 3 знач.).

недалі́ць, ‑лью, ‑льеш, ‑лье; ‑льём, ‑льяце і ‑лію, ‑ліеш, ‑ліе; ‑ліём, ‑ліяце; заг. недалі; зак., што і чаго.

Наліць менш, чым трэба; наліць не да самага верху. Недаліць вады ў вядро.

недалі́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад недалічыць (у 1 знач.).

2. у знач. прым. Які астаўся непадлічаны. Недалічаныя грошы.

недалі́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да недалічыцца.

недалі́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да недалічыць.

недалічы́цца, ‑лічуся, ‑лічышся, ‑лічыцца; зак.

Выявіць пры падліку недахоп, адсутнасць каго‑, чаго‑н. Рэвізія недалічылася шасцідзесяці трох рублёў. Лобан. Праз некалькі гадзін мы недалічыліся двух чалавек. Дамашэвіч.