Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разя́віўшы,

Дзеепрысл. зак. ад разявіць.

•••

Разявіўшы рот — з вялікай цікавасцю, увагай (слухаць).

разя́віцца, разяўлюся, разявішся, разявіцца; зак.

Разм. Шырока раскрыцца (пра рот, пашчу). Твар у пасажыра выцягнуўся, смешна разявіўся рот, але ніхто на гэта не ўсміхнуўся, ніхто нават не звярнуў увагі. Васілёнак. // Шырока раскрыць рот (пра чалавека). З дзіву — аж разявіўся [паліцай]: што мы за такія? Таўлай. Як выскачыў з залы «Салавей», не захацеўшы быць «панскім салаўём», усе госці разявіліся ад дзіва. Бядуля. // перан. Груб. Сказаць што‑н., гаркнуць. — Ну куды так маеш рупіцца? Сёння ж нядзеля... — разявіўся і Джвучка. Пташнікаў. // перан. Уставіцца вачыма, позіркам, разглядаючы каго‑, што‑н. — Што за гармідар тут? — накінуўся .. [містэр Крукер] на грузчыкаў. — Тыя маўчалі, пазіраючы на яго спадылба і мімаволі сціскаючы кулакі.. — Ну, ты чаго разявіўся на мяне? — тыцнуў ён палкай у грудзі аднаго з грузчыкаў. Лынькоў.

разя́віць, разяўлю, разявіш, разявіць; зак., што.

Разм. Шырока раскрыць (рот, пашчу). Саша ад здзіўлення разявіла рот. Шамякін. Прачнуўся кот, што ляжаў на падушцы; разявіў рот, выгнуў дугой спіну і прутам адставіў хвост. Чарнышэвіч.

•••

Разявіць горла — моцна, на ўсю сілу загаварыць, закрычаць.

Разявіць рот — а) (груб.) сказаць што‑н. [Пятрок] не даваў Асташонку разявіць рот, усё гаварыў і гаварыў сам: гадаваў пытанні і адказваў на іх. Ваданосаў; б) тое, што і разявіць горла; в) быць вельмі няўважлівым, рассеяным, неасцярожным. У цешчы грошы ўкралі на базары, бо рот разявіла яна, — Зноў Калістратава віна. Корбан; г) падрацца, разваліцца (пра абутак). Прайшлі не многа мы, а боты Ужо разявілі раты. Кусянкоў.

раз’яда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да раз’есціся.

2. Зал. да раз’ядаць.

раз’яда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да раз’есці.

2. перан. Уносіць разлад у што‑н., згубна дзейнічаць на каго‑, што‑н. Цяпер Адама Блецьку раз’ядалі самыя супярэчлівыя думкі. Чорны.

раз’ядна́льнік, ‑а, м.

Апарат для раз’яднання і пераключэння ўчасткаў высакавольтавай лініі.

раз’ядна́насць, ‑і, ж.

Стан раз’яднанага; адсутнасць еднасці, агульнасці. Гэтая хвілінная іх раз’яднанасць зноў застарэлай варожасцю захліснула Валокава нутро. Быкаў. Янка Купала працаваў над «Словам аб палку Ігаравым», калі ў асяроддзі старой пісьменніцкай інтэлігенцыі назіраўся разброд, ідэйная раз’яднанасць. Палітыка. Адзінства гартаваць людзей павінна, Каб раз’яднанасць не магла ў бацькоў Бацькоўства адабраць, пазбавіць сына На хлеб і сонца спадчынных правоў. Куляшоў.

раз’ядна́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. раз’ядноўваць — раз’яднаць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. раз’яднацца.

раз’ядна́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад раз’яднаць.

раз’ядна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Разм. Аддзяліцца адзін ад другога (пра злучаныя часткі чаго‑н.). Правады раз’ядналіся.

2. перан. Страціць агульнасць у чым‑н., стаць далёкімі, чужымі адзін другому.