расчырване́лы, ‑ая, ‑ае.
Які расчырванеўся, зрабіўся чырвоным, румяным. Кузьма падняўся з-за стала, ускудлачаны, расчырванелы. Броўка. Вясёлая, увішная, крыху расчырванелая ад бегатні і гарачых спраў на кухні, .. [Маня] шчасліва нахілілася над каляскай. Кулакоўскі.
расчырване́цца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; зак.
Моцна пачырванець, накрыцца румянцам. Грасыльда доўга глядзела ў агонь. Твар яе расчырванеўся ад вуголля. Пташнікаў. Ад хуткай хады па холаду .. [Юлька] расчырванелася. Васілевіч.
расчыркну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Разм. Паставіць свой подпіс; распісацца.
расчыры́кацца, ‑аецца; зак.
Разм. Пачаць доўга, бесперастанку чырыкаць. Кінуўся ў вочы [Юзіку] бясхвосты верабей — асмялеў лайдак, расчырыкаўся на слупе з невядомай радасці. Хадановіч.
расчы́стка, ‑і, ДМ ‑стцы; ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. расчышчаць — расчысціць.
расчы́сціцца, ‑ціцца; зак.
Стаць чыстым, свабодным ад чаго‑н. Неба ўгары расчысцілася. Цяпер і без ліхтарыка добра відны былі і дарога, і сцежка ля яе. Кудравец. / у безас. ужыв. — Перад вечарам расчысцілася і высвеціла сонца. Чорны.
расчы́сціць, ‑чышчу, ‑чысціш, ‑чысціць; зак., што.
1. Ачысціць, вызваліць ад чаго‑н., што перашкаджае, загрувашчвае, засмечвае. Хлопцы хуценька пассоўвалі да сцен крэслы і расчысцілі месца, пачаліся танцы. Сабаленка. На дварэ не дыхнуць, на дварэ ўжо заняло і зараўняла тую сцежку да хлява, што я расчысціў раніцай. Адамчык. // Прыбраць, выдаліць што‑н. ачышчаючы. Расчысціць завалы на дарозе. □ Партызаны расчысцілі снег, падгатавалі месца для вогнішча. Колас. // перан. Вызваліць ад чаго‑н., што перашкаджае; зрабіць свабодным. Логіка класавай барацьбы прывяла да таго, што дробнабуржуазныя партыі і групы фактычна расчысцілі буржуазіі і панам шлях да ўлады. «Полымя».
2. Раскарчаваць, выкарчаваць, выцерабіць. Расчысціць тайгу пад пасёлак. Расчысціць дзялянку.
3. Спец. Прачышчаючы, расшырыць і выраўняць. Расчысціць пазы.
•••
Расчысціць глебу для чаго — правесці падрыхтоўку для здзяйснення чаго‑н.
расчыта́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад расчытаць.
расчыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
З цяжкасцю разабраць напісанае; прачытаць. А Чыліноў Алесь надзьмуўся, ў святыя дзеянні ўткнуўся І там, дзе слоў не расчытае, На сажань голас працягае. Колас. — Віця мой узяўся чытаць, ды не разабраўся. Можа ты, Петрусёк, расчытаеш? Якімовіч.
расчы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да расчытаць.