Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разьба... (гл. рэзьба...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «рэзьба...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: разьбафрэзерны, разьбарэз, разьбамер.

разьбаўшчы́к, ‑а, м.

Спец. Рабочы, спецыяліст па нарэзцы разьбы (у 3 знач.).

разьбаўшчы́ца, ‑ы, ж.

Жан. да разьбаўшчык.

разьблёны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і разны (у 2 знач.). У вянцах сцен там-сям цьмяна блішчалі маленечкія сляпыя акенцы з разьблёнымі ліштвамі. Караткевіч.

разьбо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да разьбы (у 3 знач.), які мае разьбу, нарэзку. Разьбовае кальцо.

2. Які служыць для нарэзкі разьбы. Разьбовы разец. // Прызначаны для вымярэння, праверкі разьбы. Разьбовы калібр. Разьбовы мікрометр.

разьбя́ны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і разны (у 2 знач.). Разьбяныя аканіцы. □ Сцены былі ўвешаны палотнамі ў рамах з залачонага багету, залы ўстаўлены скульптурнымі і разьбянымі работамі. Скрыган. Сані стаялі каля даволі вялікай хаты з прыгожымі ўзорнымі аканіцамі і разьбяным ганкам. Васілёнак.

разьбя́р, ‑а, м.

1. Майстар па мастацкай разьбе. Пры Аружэйнай палаце працавала і вялікая група беларускіх разьбяроў. «Звязда». Да крыжа была прыбіта фігурка Хрыста, зробленая з дрэва невядомым разьбяром. Колас.

2. Уст. Скульптар.

разьбя́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мастацкай разьбы, прызначаны для разьбы. Разьбярныя работы. Разьбярны інструмент.

разьбя́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да разьбяра, разьбяроў. Разьбярская рука. Разьбярскае майстэрства.

разьбя́рства, ‑а, н.

Разьбярская справа. А па баках [сцэны] таксама ўзоры .. разьбярства [Чарэпкі]: рабочы высока ўзняў молат па-над зямлёй... Барашка. Знойдзеная іконка — сапраўдны шэдэўр разьбярства па каменю — сведка сувязі Полацка з Візантыяй. Штыхаў.