Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

расчуле́нне, ‑я, н.

Тое, што і расчуленасць. І цяжка мне суцішыць і стрымаць Пачуцці, расчуленне, хваляванне! Дзяргай.

расчу́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расчуліць.

2. у знач. прым. Прыемна ўсхваляваны. — Іван Міхайлавіч, любы вы мой... — толькі і змог адказаць расчулены дырэктар, прытуліўшы шчаку да суконнага пінжака брыгадзіра. Б. Стральцоў. Расчуленая Аксіння, якую Надзя ўпершыню назвала не проста цёткай, а Аксінняй Захараўнай, пацалавала яе. Лынькоў. // Які паддаўся жалю, чуллівасці. [Марак], расчулены, выняў маленькі кашалёк, пакапаўся ў ім і нечакана падарыў дарагую манету. Мележ.

расчу́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.

Паддацца пачуццю хвалявання, замілавання, жалю. Камісар адчуў глыбокую ўдзячнасць да гэтага разумнага, смелага хлопца і расчуліўся да слёз. Шамякін. Прамова .. [Цімохава] была гарачая, сам прамоўца расчуліўся, і сляза вось-вось гатова была скаціцца з яго вострых і хітрых вачэй. Колас. Ваня расчуліўся ад нечаканай ласкі. Новікаў.

расчу́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

Выклікаць пачуццё ўсхваляванасці, замілавання, жалю. Клопаты сына так расчулілі маці, што яна ажно заплакала. Сіняўскі. Маркотная думка адгукнулася ў грудзях вострым болем, расчуліла да слёз. Асіпенка.

расчу́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да расчуліцца.

расчу́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да расчуліць.

расчу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Пачаць многа і энергічна чухацца.

2. перан. Пазбавіцца стану вяласці, санлівасці. Ноччу ахова чыгункі не будзе гнацца па пятах, а пакуль бліжэйшы гарнізон расчухаецца, пройдзе не мала часу. Новікаў.

расчу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм. Чухаючы, раздзерці, пашкодзіць. Расчухаць руку. Расчухаць пухір.

расчу́хванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. расчухваць — расчухаць; стан паводле знач. дзеясл. расчухвацца — расчухацца.

расчу́хвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да расчухацца.

2. Зал. да расчухваць.