Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разува́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да разуцца.

2. Зал. да разуваць.

разува́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разуць.

разуда́лы, ‑ая, ‑ае.

Такі, для якога няма нічога страшнага, немагчымага; удалы, хвацкі. Наогул жа, Нічыпар быў хлопец разудалы, жывы, бойкі. Колас. // Задорны, заліхвацкі. Зварухнуўся Лявон, як вада, як агонь, Пазнаў сілу ў сабе небывалую; Ужо бяда — не бяда, Ужо нуда — не нуда, Запеў песні свае разудалыя. Купала.

разузнава́ць, ‑знаю, ‑знаеш, ‑знае; ‑знаем, ‑знаяце.

Незак. да разузнаць.

разузна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Тое, што і разведаць. Яшчэ патрэбна было .. разузнаць сілу польскіх войск, якія знаходзяцца блізка ад гміны, дзе павінен адбыцца суд над сялянамі. Чарот.

разуме́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разумець.

2. Здольнасць разумець, спасцігаць розумам змест, сэнс, значэнне чаго‑н. Даступныя для разумення факты. Разуменне псіхалогіі падлетка дапаможа настаўніку знайсці правільныя шляхі яго выхавання і развіцця. □ Растлумачыўшы гаспадару і яго жонцы мэту свайго прыходу, я сустрэў з іх боку поўнае разуменне і жаданне памагчы. В. Вольскі. // Здольнасць разабрацца ў чым‑н. [Юзя:] — Ніякага ў цябе разумення яшчэ няма. Бажко.

3. Пэўны пункт погляду на што‑н., пэўнае вытлумачэнне чаго‑н. [Пракоп:] — Павінен жа я выказаць свае думкі, сваё разуменне, а не кідацца галавою ў букту. Колас. Бог у разуменне цёмных людзей — гэта самае страшнае, а значыць — самае святое. Пестрак.

4. Уяўленне аб чым‑н., погляд на што‑н. Гэтае новае было зусім ужо блізка. Заўтра яно павінна ўвайсці ў вёску, і тады адразу зменяцца многія разуменні. Галавач.

5. Свядомасць, розум. Да майго разумення даплывалі рэдкія, глыбока мною не прадуманыя дзедавы словы. Нікановіч.

6. Тое, што і паняцце (у 1 знач.). Помню, .. [старшыня] часам ашаламляў мяне, маладога камуніста, даверлівым разважаннем пра тыя з’явы, якія пасля ХХ з’езда мы абагулілі разуменнем «культ асобы». Шамякін.

разуме́цца, е́ецца; незак.

1. Падразумявацца, мецца на ўвазе.

2. у знач. пабочн. разуме́ецца (звычайна ў спалучэнні са словамі «само сабой»). Несумненна, канешне, ясна. [Цімоха] цікавіла, галоўным чынам, усё, што датычылася лесу і пастуховае справы: ці ёсць яшчэ трава, ці скасілі ўжо ў Лядзінах атаву. Пры гэтым, разумеецца, многа было размовы і аб чорным бычку. Колас.

3. у знач. сцвярджальнай часціцы разуме́ецца. Так, вядома, канешне. Разумеецца, я з вялікай ахвотаю згадзіўся занесці дзядзьку полудзень. Колас.

4. Зал. да разумець.

разуме́ць, е́ю, ‑е́еш, ‑е́е; незак.

1. каго-што. Усведамляць, спасцігаць розумам сэнс, змест і пад. чаго‑н.; асэнсоўваць. Разумець заданне. Разумець тэкст. Разумець міміку і жэсты нямога. □ [Андрэй:] — Я цябе паважаю, Кузьма, як чалавека вучонага, і люблю паслухаць тваю гутарку, хоць ты гаворыш так разумна, што я не ўсё разумею. Колас. Іліко пачуў некалькі слоў на рускай мове. Ён ужо навучыўся адрозніваць гэтую выразную, чоткую, адрывістую мову ад іншай, але не разумеў яшчэ ні слова. Самуйлёнак. // Разбірацца ў думках, паводзінах, учынках, намерах каго‑н. Чалавек, як не трэба лепш, разумеў ужо свайго начальніка. Чорны. Дзяцей пісьменнік той не меў і іх не разумеў ніколі. Таму ў творах не было ніводнай кропелькі жывога. Корбан.

2. што і з дадан. сказам. Ведаць, здагадвацца аб чым‑н., усведамляць што‑н. Разумець сваю памылку. □ Міколка разумеў, што трапілі яны з дзедам у бяду. Лынькоў. [Чарнеў] бачыў і разумеў, што Міхалу яго выбар не падабаецца. Васілевіч.

3. каго-што і без дап. Быць дасведчаным у чым‑н.; магчы разбірацца ў чым‑н., меркаваць пра што‑н. Разумець музыку. □ Свайму настаўніку, які вучыў разумець і любіць літаратуру, Канстанцін Міхайлавіч прысвяціў некалькі адвячоркаў. Лужанін. Сам пан Вальвацкі нічога ў гаспадарцы не разумеў. Крапіва. // Мець пэўны погляд на што‑н., пэўную думку наконт чаго‑н. Важна тое, як крытык разумее сучаснасць у літаратуры. «Полымя». Я так каханне разумею: Калі кахаеш сапраўды, Ідзеш да любай у завею, А глянеш — расцвітуць сады. Прануза.

4. каго-што. Падразумяваць, мець на ўвазе. Пад лексікай разумеюць усю сукупнасць слоў мовы.

5. у знач. пабочн. разуме́еш (разуме́еце). Ужываецца з мэтай падкрэсліць што‑н., звярнуць увагу на што‑н.

•••

Вось гэта я разумею! гл. я.

разу́мнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць разумнага. Разумнасць палітыкі савецкага ўрада.

разумне́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. разумны.