Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пупы́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Зародак ліста, парастка або кветкі. Млеюць у .. [сонечных] праменях дрэвы, пупышкі на іх патрэскаліся, вось-вось загарацца зялёным агнём. Ермаловіч. [Марылька] трымала ў адной руцэ сумку з кніжкамі, а ў другой вярбовыя галінкі з маленькімі пупышкамі. Чарнышэвіч.

2. Разм. Мякаць на канцы пальца. Калола ў пальцы, у пупышкі, як іголкамі. Пташнікаў. Збываючы квецені лішкі, Сукі ахінуліся ў дым, І завязь, як пальцаў пупышкі, Ужо выступала пад ім. Калачынскі.

пупы́шкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пупышкі (у 1 знач.).

пурга́, ‑і, ДМ ‑рзе, ж.

Моцная снегавая завея, завіруха. Гудзе, свішча, вые лютая паўночная пурга. Бяганская. Разбілі, расцерлі судн[а] .. ільдзіны Пад ярасны скогат пургі, непагоды... Колас.

пурге́н, ‑у, м.

Лякарства, якое ўжываецца як слабіцельны сродак.

[Ад лац. purgare — чысціць.]

пу́рпур, ‑у, м.

1. Натуральная каштоўная фарба чырвона-фіялетавага колеру, якая ўжывалася ў старажытнасці для афарбоўкі тканіны.

2. Ярка-чырвоны колер з фіялетавым адценнем. [Коркія] бачыў роўную гладзь мора і над ім палымнеючы пурпур зары. Самуйлёнак. Верасовыя пустэчы, аблітыя сонцам, так цвілі, што павольныя аблокі, адбіваючы іх .. цвіценне, былі афарбаваныя знізу ў лёгкі пурпур. Караткевіч.

3. Уст. Дарагое адзенне або тканіна ярка-чырвонага колеру з фіялетавым адценнем. Апрануцца ў пурпур.

[Лац. purpura.]

пурпу́рны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і пурпуровы. Небакрай на захадзе ярка чырванеў. На яго пурпурным фоне выразна малявалася вышчарбленая сцяна лесу. Асіпенка.

пурпуро́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае колер пурпуру, афарбаваны ў пурпур. [Хмары] успыхнулі пурпуровым полымем, і на дварэ пасвятлела. Чарнышэвіч. А яшчэ далей, за аерам, расло нешта незнаёмае для бацяноўцаў: лісты паводле формы былі вельмі падобныя да бярозавыя, але колер іх ад цёмна-зялёнага да пурпуровага. Дубоўка.

пурпуры́н, ‑у, м.

Спец. Арганічнае чырвонае фарбавальнае рэчыва, якое здабываецца з каранёў марэны.

[Фр. purpurin.]

пуры́зм, ‑у, м.

1. Празмернае імкненне да ачышчэння мовы ад іншамоўных слоў, неалагізмаў, скажэнняў нормы і г. д. Ужыванне абцякальных слоў і выразаў, эўфемістычнасць, ілжывы акадэмічны пурызм і мяшчанская грэблівасць да «простых» і «моцных» слоў і выразаў — вось характэрныя прыкметы стылю і моўнай манеры буржуазнай публіцыстыкі. «Полымя».

2. перан. Празмернае, часта паказное, імкненне да маральнай чысціні.

[Ад лац. purus — чысты.]

пуры́ны, ‑аў; адз. пурын, ‑у, м.

Спец. Складаныя арганічныя злучэнні з наяўнасцю азоту цыклічнай будовы; сустракаюцца ў жывёльным арганізме як прадукт абмену рэчываў, а таксама ў некаторых раслінах.

[Фр. purin.]