непачці́вы, ‑ая, ‑ае.
Які адносіцца к людзям без пачцівасці, павагі; недалікатны. Непачцівае дзіця. // Які выражае непачцівасць. [Міхась] не спадабаўся Пятру Пятровічу сваімі паводзінамі, сваёй непачцівай смеласцю... Шахавец.
непаша́на, ‑ы, ж.
Непачцівыя, няветлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Васіль усё ж пайшоў к Міканору неахвотна: так, абы не пакрыўдзіць маткі і не паказаць непашаны да суседа. Мележ.
непашко́джаны, ‑ая, ‑ае.
Які застаўся цэлым, добра захаваўся. Ведалі кулямётчыкі, ды і не толькі яны, асобую любоў камбрыга да тэхнікі і таму стараліся не псаваць яе, калі можна было захапіць непашкоджаную. Шчарбатаў.
непедагагі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які не адпавядае патрабаванням педагогікі. Непедагагічныя паводзіны.
непераадо́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць непераадольнага.
непераадо́льны, ‑ая, ‑ае.
Такі, што немагчыма адолець. Непераадольная, усеабдымная стома апанавала чалавека. Быкаў.
неперабо́рлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць непераборлівага; адсутнасць пераборлівасці.
неперабо́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Які не вылучаецца пераборлівасцю, строгасцю ў выбары; які нічым не грэбуе. [Надзея:] — На яду .. [дзеці] непераборлівыя; будзе цяпло, а скарынка хлеба ды бульбіна заўсёды знойдуцца, — і вырастуць. Кірэйчык. Я .. [маці] мала дакучаў, быў непераборлівы на харч, мала плакаў і больш спаў. Астрэйка. // Непатрабавальны (аб раслінах, жывёлах). Ласі здольны жыць не толькі на поўначы, але і ў розных кліматычных умовах. На корм яны вельмі непераборлівыя. В. Вольскі. З усіх збожжавых культур авёс — самы непераборлівы, расце на тых палетках, дзе ніякія іншыя культуры не маглі даць нават сярэдняга ўраджаю. «Беларусь».
неперакана́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць непераканальнага.