разрэ́дзіць, ‑рэджу, ‑рэдзіш, ‑рэдзіць; зак., што.
1. Зрабіць радзейшым, не такім частым, аддзяліўшы прамежкамі адзін ад другога. Разрэдзіць пасевы.
2. Зрабіць меней шчыльным, меней густым. У гэты час узышоў толькі што месяц і ледзь-ледзь разрэдзіў цемру. Галавач.
3. Разбавіць, размяшаць вадой. Разрэдзіць раствор.
разрэ́з, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разразаць — разрэзаць.
2. Разрэзанае месца, прарэзаная адтуліна ў чым‑н. Пасля прасушкі ніткі здымаюцца і ў верхняй частцы вудзільна вострым нажом робіцца невялікі падоўжны разрэз, у якім будзе замацоўвацца лёска. Матрунёнак. З разрэзу фалдаў форменнага сурдута [настаўніка] тырчаў насавічок. Караткевіч. Асцярожна і хутка сцягвала [Марыя Хведараўна] ніткай разрэз скуры. Марціновіч.
3. Плоскасць сапраўднага або ўяўнага сячэння якога‑н. прадмета. Папярочны разрэз. □ У мурах і вежах зроблены байніцы. У разрэзе яны складаюцца з некалькіх аддзяленняў, якія паступова змяншаюцца. Ліс.
4. Спец. Месца, дзе праводзіцца здабыча карысных выкапняў адкрытым спосабам; адкрытая горная вырабатка. Вугальны разрэз.
•••
У разрэзе чаго — з пункту гледжання чаго‑н.
разрэ́заны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад разрэзаць.
разрэ́зацца, ‑рэжацца; зак.
Аказацца разрэзаным, раздзеленым чым‑н. на часткі.
разрэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., каго-што.
1. Рэжучы, раздзяліць на часткі, кавалкі. Як дарослы, [хлапчук] узяў з паліцы, з-за занавеска, бохан хлеба, разрэзаў вялікім нажом напалам, палавіну аддаў Шуру... Навуменка. У хаце Аня ўзяла са стала нож, разрэзала вузел і, прысеўшы на ўслон, пачала спрытна разгортваць зляжалую істужку бінту. Мележ. // Рэжучы, раздзяліць (старонкі кнігі, часопіса і пад.). Разрэзаць часопіс. // перан. Рассекчы (паверхню вады, паветра і пад.). Разрэзаць плынь ракі. □ Канчук .. са свістам разрэзаў паветра. Мурашка.
2. Падзяліць, расчляніць што‑н. на часткі. Франкісты стараліся авалодаць гэтай дарогай, каб разрэзаць рэспубліканскія часці. Кухараў.
3. Зрабіць надрэз на чым‑н. Разрэзаць нарыў. // Пашкодзіць чым‑н. вострым; парэзаць. Аб цвік, якім жалеза было прыбіта к тронку, [Сашка Стафанковіч] разрэзаў палец. Чорны.
разрэ́званне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. разрэзваць — разрэзаць.
разрэ́звацца, ‑аецца; незак.
Зал. да разрэзваць.
разрэ́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да разрэзаць.
разрэкламава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад разрэкламаваць.
разрэкламава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак., што.
Разм. Шырока рэкламуючы, зрабіць вядомым. Разрэкламаваць тавар.