Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разры́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад разрыць.

2. у знач. прым. Раскіданы, развернуты рыццём. Праз колькі хвілін выбраўся на сцежку, абышоў па арэшніку разрыты бераг і наблізіўся да ракі з другога боку. Чыгрынаў.

разры́ў, ‑рыву, м.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. разрывацца ​1 — разарвацца (у 1, 2 знач.).

2. Прастора, якая ўтварылася паміж разарванымі часткамі чаго‑н. Нарэшце палотнішча разарвалася, і, быццам у гэты разрыў, дождж ужо лінуў як з вядра. Карпаў. Туман увачавідкі радзеў, у праясненых разрывах яго ўжо зусім выразна мільгалі лапікі маку, камяні. Быкаў. // Прамежак у часе, перапынак. [Алена:] — Я баюся, каб не было разрыву паміж сціртаваннем і жнівом. Мележ. // перан. Адсутнасць адпаведнасці, узгодненасці паміж чым‑н. Разрыў паміж тэорыяй і практыкай. Разрыў паміж вымаўленнем і напісаннем.

3. Поўнае спыненне якіх‑н. адносін паміж кім‑н. Нарэшце, Андрэй Цітавіч не мог не лічыцца з тым, як успрымуць людзі яго разрыў з Кацярынай. Марціновіч.

•••

Разрыў сэрца — разрыў сценкі левага жалудачка сэрца.

разры́ўка, ‑і, ДМ ‑рыўцы; Р мн. ‑рывак; ж.

Перапынак, перадышка ў якой‑н. рабоце, занятку; аддушына. Усе гэтыя часы .. [Зося] не спускала з сваіх вачэй дзіця, часта з ім гаварыла і знаходзіла разрыўку ў бесперапыннай рабоце. Чорны. «Нельга так бедаваць, як .. [Каспар], — падумаў Лайзан. — Нейкая разрыўка павінна быць для яго настрою. А так загубіць і сябе і дзяцей..» Броўка.

разрыўны́, ‑ая, ‑ое.

Які разрываецца ад удару. Разрыўны зарад. □ Камандзіру разведкі, Адаму Бухаўцу, разрыўною куляй адбіла ў запясці правую руку. Брыль.

разрыхле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. разрыхляць — разрыхліць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. разрыхляцца — разрыхліцца.

разры́хлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разрыхліць.

разрыхлі́цца, ‑ліцца; зак.

Стаць рыхлым, разрыхленым. Глеба разрыхлілася.

разрыхлі́ць, ‑лю, ‑літ, ‑ліць; зак., што.

Зрабіць рыхлым. Разрыхліць верхні слой глебы.

разрыхля́льнік, ‑а, м.

Прыстасаванне для разрыхлення чаго‑н.

разрыхля́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для разрыхлення. Разрыхляльны агрэгат.