разрумя́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да разрумяніць.
разру́ха, ‑і, ДМ ‑русе, ж.
Поўнае расстройства, развал у гаспадарцы, у эканоміцы. Пасляваенная разруха. □ [Чарнавус:] Нябожчыца пакінула .. [дачку] маленькую ў голад і разруху. Крапіва. Пасяўныя кампаніі вясною і ўвосень 1921 года адбываліся ў Беларусі ў цяжкіх умовах разрухі. «Полымя».
разрыва́цца 1, ‑аецца; незак.
1. Незак. да разарвацца.
2. Зал. да разрываць 1.
•••
Сэрца разрываецца гл. сэрца.
разрыва́цца 2, ‑аецца; незак.
Зал. да разрываць 2.
разрыва́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да разарваць.
разрыва́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да разрыць.
разрыда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Пачаць моцна рыдаць; зарыдаць. «Толькі б не разрыдацца, толькі б не ўпасці», — шапталі ледзь чутна збялелыя вусны, і .. [маці] ішла, ішла. Сачанка. — Мабыць, ад усяго разам — ад крыўды, абразы, ад біцця гэтага — сама, там жа, у кабінеце, істэрычна разрыдалася, ніколі ў мяне такой істэрыкі не было. Шамякін.
разрысава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад разрысаваць.
разрысава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., каго-што.
1. Нанесці рысункі, узоры (звычайна алоўкам, пяром) на што‑н., распісаць. Разрысаваць плафон залы.
2. перан. Разм. Прадставіць у якім‑н. выглядзе; размаляваць. Разрысаваць гультая ў газеце.
разрысо́ўвацца, ‑аецца.
1. Незак. да разрысавацца.
2. Зал. да разрысоўваць.
разрысо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да разрысаваць.
разрысо́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. разрысоўваць — разрысаваць.