Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пералі́цца, ‑льецца і ‑ліецца.

Зак. да пералівацца (у 1, 2 знач.).

пералі́ць, ‑лью, ‑льеш, ‑лье; ‑льём, ‑льяце і ‑лію, ‑ліеш, ‑ліе; ‑ліём, ‑ліяце; пр. пераліў, ‑ліла, ‑ліло; зак., што.

1. Выліць якую‑н. вадкасць з чаго‑н. у што‑н. Пераліць малако з гладыша ў шклянкі. Пераліць кроў параненаму.

2. Наліць больш, чым трэба. Пераліць цераз край.

3. Перарабіць пры дапамозе ліцця ў што‑н. іншае. На плугі гарматы перальём. Зарыцкі. // перан. Ператварыць у што‑н. іншае, адлюстраваць, падаць у другой форме. Я гарачыя словы у песенны сплаў пералью. Звонак.

4. Адліць нанава. Пераліць статую.

пералі́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пералічыць.

пераліча́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да пералічаць.

пераліча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пералічыць (у 1, 3 і 4 знач.).

пералі́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пералічваць — пералічыць.

пералі́чвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да пералічваць.

пералі́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пералічыць (у 1–3 знач.).

пералічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак., каго-што.

1. Палічыць, злічыць адно за другім усё, усіх, зрабіць падлік. Прафесар некалькі разоў перачытаў .. пісьмо, машынальна пералічыў дні, якія засталіся да вызначанага тэрміну. Лынькоў. Андрэй спакойна ўзяў бліскучыя манеты, пералічыў іх і паабяцаў аддаць у два разы больш. Пальчэўскі. // Назваць, упамянуць усё, многае або ўсіх, многіх. Пералічыць абавязкі. Пералічыць недахопы. □ Нас, дзяцей, бацька таксама пералічыў па імёнах. Якімовіч. Цімафееўка, віка, канюшына чырвоная і белая, лісахвост — у намесніка старшыні і пальцаў не хапіла, каб усе гатункі пералічыць. Кірэйчык.

2. Злічыць нанава, яшчэ раз. Таццяна разгарнула пакуначак, яшчэ раз пералічыла грошы. Васілёнак.

3. Падаць у другіх велічынях. Пералічыць вёрсты ў кіламетры. Пералічыць фунты ў кілаграмы.

4. Перавесці на чый‑н. рахунак. Учора я пералічыў.. праз банк пяць тысяч рублёў, узяў з сабою копію плацежнага даручэння, і цяпер мы едзем, каб адразу зрабіць аж дзве справы. Скрыган.

•••

Пералічыць косці каму — моцна пабіць, набіць каго‑н.

Пералічыць на пальцах — пра вельмі малую колькасць каго‑, чаго‑н.

пералічэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пералічаць — пералічыць (у 4 знач.).

2. Сума, пералічаная на чый‑н. рахунак.

3. Спіс якіх‑н. назваў, прымет і пад. Дзед Талаш і Мартын Рыль былі запісаны ў асобны спісак з пералічэннем прымет, па якіх можна пазнаць іх. Колас.