Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нерэнта́бельны, ‑ая, ‑ае.

Які не дае прыбытку, выгады; які не апраўдвае расходаў. Нерэнтабельная прадукцыя.

несакруша́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць несакрушальнага. Несакрушальнасць Савецкай Арміі.

несакруша́льны, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога нельга знішчыць, перамагчы. Як магутная сіла сусветнай сацыялістычнай садружнасць як несакрушальная цытадэль міжнароднай пралетарскай салідарнасці, як светач міру і сацыяльнага прагрэсу ўзвышаецца сёння наша вялікая Радзіма. Машэраў. Мы ўдзячны роднай партыі сваёй За сонца, што палае над зямлёй, За неўміручую і велічную славу, Здабытую і ў працы і ў баях. За моц несакрушальную дзяржавы, За пераможны сцяг. Танк. // Непахісны, нязломны. Сілу волі, несакрушальную веру ў перамогу народа, у справядлівасць сваёй справы ўсяляў Кіраў.. асабістым прыкладам і палымяным словам. «Беларусь».

несалёны, ‑ая, ‑ае.

Які не падвергся саленню. Несалёны агурок.

несалі́дны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае саліднасці. Несалідны чалавек. Несалідны ўчынак.

несало́дкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае салодкага смаку. Несалодкі тварог.

2. перан. Без радасці, невясёлы. Калі бываюць людзі горныя, стэпавыя, людзі лясоў і гэтак далей, дык.. [на Вогненнай зямлі] мы маем людзей мора, якія нараджаюцца, гадуюцца, жывуць і паміраюць на вадзе, на моры. Жыццё, як мы бачым, несалодкае. Маўр.

несамаві́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць несамавітага. Несамавітасць выгляду.

несамаві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Непрывабны з выгляду; непрыгожы. Між голых сцен, несамавітых, Такіх панурых, абабітых, Астаўся стол адзін. Колас. Хлопец.. нізкарослы, несамавіты на выгляд, а вытрымка ў яго такая, што кожны можа пазайздросціць. Кулакоўскі.

2. Не зусім добры; дрэнны. Несамавіты настрой. □ Часта прыходзілася спыняцца, таму што дарога была несамавітая: то грузлі ў балоце, то прабіваліся праз гушчары. Мележ. // Які не заслугоўвае пахвалы, адабрэння; непрыгожы. Несамавіты ўчынак.

несамакрыты́чны, ‑ая, ‑ае.

У якім няма самакрытыкі. Несамакрытычнае выступленне.

несамасто́йнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць несамастойнага; адсутнасць самастойнасці. Несамастойнасць думак.