Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разраджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разрадзіць.

разрадзі́цца 1, ‑дзіцца; зак.

1. Стаць разраджаным (пра агнястрэльную зброю). Граната разрадзілася.

2. Страціць электрычны зарад. Батарэя разрадзілася.

3. перан. Перастаць быць напружаным, стаць спакайнейшым. Абстаноўка разрадзілася. □ Ранейшая напружанасць у людзей разрадзілася. Дрымотная цішыня лесу супакойвала. Беразняк.

разрадзі́цца 2, ‑раджуся, ‑родзішся, ‑родзіцца; зак.

Разм. Радзіць. [Апанаска] уздыхнуў з палёгкай: раз прыехала Дора Абрамаўна, значыць, Куліна разродзіцца нармальна. Даніленка.

разрадзі́ць, ‑раджу, ‑радзіш, ‑радзіць; зак., што.

1. Выняць зарад (з агнястрэльнай зброі). Загадаўшы малому адысці ,.. [бацька] асцярожна разрадзіў .. [гранату], разабраў на дробныя часткі, а запал закапаў у зямлю. Мележ. Бомба не ўварвалася. Праз гадзіну яе разрадзілі сапёры, якіх выклікалі з горада. Шамякін. // Вызваліць зброю ад зарада, патрона і пад., стрэліўшы з яе. [Сяргей] толькі памятаў, што амаль увесь дыск свайго аўтамата разрадзіў у легкавую машыну, і яна загарэлася высокім полымем. Шахавец.

2. Пазбавіць электрычнага зараду (якое‑н. цела, прыбор). Разрадзіць акумулятар.

3. перан. Ліквідаваць напружанасць, аслабіць сілу дзеяння, праяўлення чаго‑н. Разрадзіць міжнародную напружанасць. Разрадзіць атмасферу.

разра́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разраджаць — разрадзіць.

2. перан. Аслабленне напружання. Аркестр, як навінка і вясёлая разрадка ў суровым партызанскім жыцці, карыстаўся доўгі час павышанай увагай. Шахавец. Гумар у апавяданні пра гераічнае або трагічнае часта служыць для разрадкі, аслаблення выключна напружанага дзеяння, вострых сітуацый. Дзюбайла.

3. Разрэджаная расстаноўка літар у слове для выдзялення яго ў тэксце.

разра́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць разраднага ​1. Разраднасць удзельнікаў спаборніцтва.

разра́днік 1, ‑а, м.

Аўтаматычнае прыстасаванне, якое засцерагае электрычным устаноўкі ад перанапружання. Іскравы разраднік.

разра́днік 2, ‑а, м.

Спартсмен, які мае спартыўны разрад. На прадпрыемствах амаль уся моладзь — значкісты ГПА і спартсменыразраднікі. «Маладосць».

разра́дніца, ‑ы, ж.

Жан. да разраднік ​2.

разра́дны 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да разраду ​1, разрадніка ​2. Разрадныя нормы. Разрадныя спаборніцтвы.

разра́дны 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да разраду ​2. Разрадны ток.

разраза́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для разразання. Разразальны нож.

разраза́льшчык, ‑а, м.

Рабочы, які робіць разрэзку чаго‑н.