перале́плівацца, ‑аецца; незак.
Зал. да пералепліваць.
перале́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пераляпіць (у 1, 2 знач.).
перале́сак, ‑ску, м.
Невялікі лес, аддзелены полем ад іншых лясных участкаў, або рэдкі ці малады лес паміж ляснымі масівамі. Лесу не відаць, толькі сям-там пералескі, маленькія, вельмі ўтульныя цяністыя гаёчкі. Сачанка. Дарога была прасёлкавая, глухая — яна вілася між палямі і пералескамі воддаль ад паселішчаў. Хадкевіч.
перале́таваць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.
Разм. Пражыць, перабыць лета.
перале́так, ‑тка, м.
Цяля, ягня і пад. свойская жывёла прыблізна паўгадавога ўзросту (якая толькі пералетавала). Са Сцяпанавага двара імкліва выбегла цялушка-пералетак. Кавалёў.
перале́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да пералячыцца.
2. Зал. да пералечваць.
перале́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пералячыць.
пералёт 1, ‑у, М ‑лёце, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пералятаць — пераляцець.
2. Сезоннае перасяленне птушак. Пералёт буслоў у вырай.
3. Спец. Дальні выпрабавальны палёт на самалёце згодна з вызначаным маршрутам. Трансарктычны пералёт.
4. Падзенне кулі, снарада і пад. за цэллю. Міны грымнулі яшчэ раз. Цяжка было пазнаць — з пералётам гэтага месца ці з недалётам. Кулакоўскі.
пералёт 2, ‑у, М ‑лёце, м.
Кармавая і лекавая расліна сямейства бабовых з жоўтымі кветкамі, сабранымі ў галоўчатыя суквецці.
пералётны, ‑ая, ‑ае.
Які адлятае на зіму ў вырай (пра птушак). Пералётныя птушкі. // перан. Які імкліва перамяшчаецца. Да пералётнага святла ракет далучыўся пажар эшалона. Брыль.
пераліва́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пераліваць — пераліць і пералівацца — пераліцца.
•••
Пераліванне крыві — эфектыўны лекавы метад — увядзенне ў крывяносную сістэму хворага крыві здаровага чалавека.