не́руш, ‑у, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ‑ы, ДМ ‑ы, Т ‑шшу, ж.
Што‑н. некранутае (нявораная зямля, дзікі лес, грыбное месца і пад.). Сам гаспадар таксама меў свае абходы, выпраўляўся ў лес па грыбы, хоць трапіць на такі неруш і на такое мноства баравікоў, як давялося яму нядаўна, больш не здаралася. Колас. Дзядзька Мікола поўзаў на каленях, збіраў рыжыкі і гаварыў, што такую неруш сустрэў у жыцці ўпершыню. Хомчанка. // Некранутая паверхня чаго‑н. Мы ідзём у Кветчу, дзе жыве стары. Крочым вузенькай горкай сцежкаю, ад якой у абодва бакі разлягаюцца прасцягі снегавой нерушы. Карамазаў. // перан. Вобласць дзейнасці, у якой амаль нічога не зроблена. Чорны стварыў эпічную мову, натуральную ў вуснах кожнага чалавека .. Здабыўшы такі інструмент, Чорны пачаў працаваць заложна. Перад ім была неаглядная неруш. Лужанін.
нерытмі́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць нерытмічнага. Нерытмічнасць работы прадпрыемства.
нерытмі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які пазбаўлены рытму, рытмічнасці. Нерытмічныя хістанні.
нерэалізава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Не ажыццёўлены, не ператвораны ў жыццё. Нерэалізаваная прапанова.
2. Які не змаглі прадаць. Нерэалізаваны тавар.
нерэа́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не існуе ў рэчаіснасці; фантастычны. Дрэвы, ахутаныя ў казачна бялюткія адзенні, стаялі нерухома, быццам зачараваныя. Усё здавалася нерэальным, таямнічым. Новікаў. У Косцевым уяўленні кожная дзяўчына была занадта паэтычная і нерэальная. Карпюк.
2. Немагчымы для выканання, здзяйснення; неажыццявімы. Нерэальныя патрабаванні. □ І ўсе іх планы былі нерэальнымі, бо не было ў хлопцаў зброі, ды і ўдвух не многае зробіш. Новікаў.
нерэгуля́рнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць нерэгулярнага.
нерэгуля́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які адбываецца з перапынкамі; непастаянны. Нерэгулярныя заняткі.
2. Такі, які арганізуецца, склікаецца па меры неабходнасці. Нерэгулярнае войска.
нерэі́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — марская німфа, адна з дачок бога мора Нерэя.
2. Спец. Кольчаты марскі чарвяк.
[Грэч. Nērēis — дачка Нерэя.]
нерэнта́бельнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан нерэнтабельнага. Нерэнтабельнасць прадпрыемства.