разрабава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад разрабаваць.
разрабава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., што.
Рабуючы, расцягнуць, раскрасці; разграбіць. Домік [Элізы Ажэшкі] у Гродне цудам уцалеў у часе вайны, але экспазіцыю музея фашысты разрабавалі дашчэнту. «Помнікі». // Рабуючы, спустошыць; абрабаваць. Фашысты знішчылі і школу, і сельсавет, разрабавалі калгасы. Дубоўка.
разрабі́цца, ‑раблюся, ‑робішся, ‑робіцца; зак.
1. Увайсці ў работу; разахвоціцца рабіць.
2. Пабыўшы ў дзеянні, ва ўжытку, пачаць дзейнічаць добра. Утулка разрабілася.
3. Разм. Паправіцца, патаўсцець. — І Алімпа была танклявая, — кажа адзін касец, — а як пайшла за Пунктовіча, глядзі, як разрабілася. Мурашка.
разрабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што.
1. Апрацаваўшы, падрыхтаваць для выкарыстання, зрабіць прыгодным на што‑н., для чаго‑н. Прыйшлі на карчы, на імшары, колькі поту, пакуты разам паклалі, пакуль разрабілі. Скрыган.
2. Расшырыць шляхам апрацоўкі. Разрабіць дзірку.
разрабля́цца, ‑яецца; незак.
1. Незак. да разрабіцца.
2. Зал. да разрабляць.
разрабля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да разрабіць.
разрагата́цца, ‑гачуся, ‑гочашся, ‑гочацца; зак.
Разм. Пачаць моцна і доўга рагатаць. Бабка Параска не магла ўтрымацца супроць такой жартаўлівасць і весялосці свайго настаўніка і сама разрагаталася. Колас.
разра́д 1, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Група, катэгорыя асоб, прадметаў або з’яў, якія адрозніваюцца ад іншых падобных якімі‑н. агульнымі прыкметамі. Граматычны разрад слоў. □ Аднак самы вялікі разрад лацінізмаў старабеларускай мовы ўтвараюць словы абстрактнага значэння. Жураўскі.
2. (з парадк. ліч. і прым.). Ступень кваліфікацыі ў якой‑н. спецыяльнасці, у спорце і пад. Рэстаран першага разраду. □ Паслаў .. [Заслонаў] Жэню ў дэпо вучыцца на слесара, а праз два месяцы яму прысвоілі трэці разрад. Шчарбатаў. Вучняў запрашаюць на такія заводскія мерапрыемствы, як прысваенне кваліфікацыйных разрадаў, ушанаванне пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва. «Звязда». Красуцкі — высокага росту, прыгажун, здаравяк, мае спартыўны разрад і піша дысертацыі. Навуменка.
3. У арыфметыцы — месца, якое займае лічба пры пісьмовым абазначэнні ліку. Лічба другога разраду.
4. Гіст. Цэнтральная ўрадавая ўстанова ў Рускай дзяржаве 16–17 стст., якая ведала служылымі людзьмі, вайсковымі справамі і кіраўніцтвам паўдневых гарадоў і паветаў.
разра́д 2, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. разраджаць — разрадзіць (у 1 знач.).
2. Страта электрычнасці якім‑н. целам, якое мае электрычны зарад; з’ява, якая суправаджае гэтую страту. Электрычны разрад. Атмасферны разрад.
разра́джаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад разрадзіць.
2. у знач. прым. З вынятым зарадам (пра агнястрэльную зброю). Іван дае .. [Віцю] патрымаць вінтоўку. Праўда, разраджаную, бо баба і цётка Вольга жахаюцца, каб чаго кі выйшла. Паўлаў.
разраджа́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да разрадзіцца 1.
2. Зал. да разраджаць.