перамежава́ць, ‑мяжую, ‑мяжуеш, ‑мяжуе; зак., што.
Спец.
1. Размежаваць нанава, іначай. Перамежаваць палі.
2. Размежаваць усё, многае. Перамежаваць усю зямлю.
пераме́л, ‑у, м.
Неглыбокае месца на ўсю шырыню ракі. Цяпер плыткі перамел зарос чаротам, рагазою, па ім як не слалася ніцая лаза. Сачанка. Назаўтра мароз хоць і памацнеў крыху, але яго моцы яшчэ не хапала на тое, каб надзейна стала рака, хоць на перамеле. Кулакоўскі.
пераме́на, ‑ы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пераменьваць — перамяніць.
2. Замена аднаго другім. Дзедава настаўленне было доўгім. Усе яго часткі вялі да таго, каб коні не адчулі перамены гаспадара-даглядчыка. Ермаловіч.
3. Змена, паварот да чаго‑н. іншага. Яшчэ адна вялікая перамена сталася з Лукавіцыным — ён стаў шчырым беларусам. Крапіва.
•••
Перамена дэкарацый — пра змену абставін, агульнага выгляду чаго‑н. і пад.
пераме́нены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад перамяніць.
пераме́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм.
1. Перапынак паміж урокамі. Вялікая пераменка. Малая пераменка. □ У часе пераменак па калідорах і аўдыторыях усе яны шумелі, ганяліся адны за другімі, дурэлі, як гэта ўласціва моладзі. Колас.
2. Камплект (бялізны, адзення) на змену. [Галя:] — Ну, пасцель. Пераменку такую-сякую. Рабочую адзежу трэба мець. Ермаловіч.
пераме́нлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць пераменлівага; зменлівасць. Пераменлівасць надвор’я. Пераменлівасць мелодыі.
пераме́нлівы, ‑ая, ‑ае.
Які часта мяняецца, зменлівы; няўстойлівы. Пераменлівы вецер.
пераме́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мяняецца, чаргуецца з чым‑н.; няўстойлівы, непастаянны. Зіма 1921 года была пераменнай — маразы змянялі адлігі і наадварот. Пестрак. Гульня ішла з пераменным поспехам. Гамолка.
•••
Пераменны капітал гл. капітал.
Пераменны ток гл. ток.
пераме́ншаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пераменшыць.