Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шалу́дзька, ‑і.

Абл.

1. ж. Струп на галаве.

2. ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дзьцы, Т ‑ай (‑аю), ж. Лаянк. Пра шалапутнага, несур’ёзнага чалавека. — Што ты пляцеш! — накінуліся на .. [дзівака] адразу некалькі чалавек. — От, шалудзька! Гурскі.

шалупа́йка, ‑і, ДМ ‑пайцы; Р мн. ‑паек; ж.

Тое, што і шалупіна. — Добры дзень, — адказала гаспадыня, якая якраз даставала з печы чыгун бульбы з шалупайкамі. Ермаловіч.

шалупі́на, ‑ы, ж.

1. Вонкавая мяккая прыродная абалонка (якога‑н. плода, бульбы і пад.); скурка. [Хлопчык] дастаў адну [бульбіну] і пачаў абдзіраць шалупіну... П. Ткачоў.

2. толькі мн. (шалупі́ны, ‑пін). Адходы пасля ачысткі пладоў, бульбы. Збіраць шалупіны на корм свінням.

шалупі́нне, ‑я, н., зб.

1. Шалупіны. Проста на стол была насыпана бульба ў шалупінні, ад якой ішла пара. Арабей. // Адходы пасля ачысткі пладоў, бульбы і пад. Кожную суботу на ішаку.. [гаспадар] прыязджаў па шалупінне да нашай кухні. Даніленка. Як і на вялікдзень, на Юр’я фарбуюць яйкі. У адным чыгунку Ганьчына маці парыць шалупінне ад цыбулі. Васілевіч.

2. перан.; чаго або якое. Што‑н. непатрэбнае, лішняе, што не мае ніякага значэння, з’яўляецца знешнім прыкрыццём чаго‑н. [Міцкевіч] адкідаў бруд і шалупінне папоўскіх нагавораў. Лойка.

шалфе́й, ‑ю, м.

Травяністая і паўкустовая расліна сямейства губакветных з буйнымі духмянымі кветкамі, некаторыя віды якой выкарыстоўваюцца ў медыцыне і парфумерыі. Цвіў ля бульбяных ям шалфей, і ад яго пахла на ўвесь лес мёдам. Пташнікаў. // Настой, адвар з такой расліны. Напаіць шалфеем. Паласкаць горла шалфеем.

шалфе́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шалфею. Шалфейны пах. // Прыгатаваны з шалфею. Шалфейнае піццё.

ша́лы, ‑аў; адз. няма.

Разм. Забавы, гульні, свавольства. Толькі князеўскі хорам гудзеў, не маўчаў: Шалы, музыка ў такт рагаталі; Не адну віна бочку князь кончыў, пачаў: Шлюб-вяселле ўсё княжны гулялі. Купала.

шаль, ‑я, м.

Доўгая вузкая вязаная або тканая хустка. Малінавы шаль, нібы полымя, агортваў шыю чалавека. Мікуліч. Хутка выграб.. [Кірылка] апошнюю муку, закруціў на шыі парваны шаль, кіўнуў мельніку галавою і пайшоў у саўгас па фурманку. Чорны.

[Фр. châle ад перс.]

шальмава́нне, ‑я, н.

1. Разм. Дзеянне паводле дзеясл. шальмаваць (у 1, 2 знач.).

2. Гіст. Від ганебнага публічнага пакарання ў Расіі 18 ст. для дваран, асуджаных на смяротную кару або вечную ссылку.

шальмава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад шальмаваць (у 1, 3 знач.).