тарцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; незак., што.
Спец.
1. Апрацоўваць тарэц (у 1 знач.). Тарцаваць вал.
2. Засцілаць тарцамі (у 2 знач.). Тарцаваць маставую.
3. У малярнай справе — апрацоўваць толькі што афарбаваную паверхню ўдарамі шчоткі-тарцоўкі.
тарцо́вачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да тарцавання, прызначаны для тарцавання.
тарцо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тарца (у 1 знач.). Тарцовая паверхня. // Размешчаны ў тарцы. Тарцовае акно. Тарцовыя дзверы вагона. // Які выконвае якое‑н. дзеянне з боку тарца. Тарцовы ключ. Тарцовая разьба.
2. Які пакрыты тарцамі (у 2 знач.). Тарцовая маставая. □ Па баках вуліцы, не зважаючы на ранні час, стаялі на каленях багамольныя людзі, кабеты і мужчыны, заўзята білі сябе ў грудзі кулакамі і прыпадалі ілбамі да халоднага тарцовага бруку. Колас.
тарцо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы, ж.
1. Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. тарцаваць.
2. Тарцовачны станок.
3. Малярная шчотка з доўгім шчаціннем.
4. Разм. Тарцовая маставая.
тарча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
1. Узвышацца, уздымацца над паверхняй, вытаркацца ўбок, уперад, уверх. Абапал ляжалі апусцелыя палі, толькі тарчалі калючыя іголкі ржышча ды пад полем, пабліскваючы на сонцы, плавалі белыя пушынкі павуціння. Сіняўскі. Дзе-нідзе, нібы рэбры, тарчыць з-пад снегу галлё яблынь, абсечанае асколкамі і цяпер абгрызенае зайцамі. Федасеенка. // Не ляжаць гладка, не прыставаць шчыльна да чаго‑н. Абоі тарчаць. // Выпінацца, вытаркацца адкуль‑н. якой‑н. сваёй часткай. [Паштовая скрынка] была прымацавана да ўваходных дзвярэй, на ёй нават вісеў невялічкі замочак, з якога тарчаў такі ж невялікі ключык. Васілёнак.
2. Знаходзіцца дзе‑н., назаляючы сваёй непатрэбнай прысутнасцю. Нейкая жанчына, захутаная ў хустку, падыходзіць да салдата, ледзь соваючы нагамі. Спыняецца непадалёк, глядзіць на Драча. Драч — на яе. [Драч:] Чаго вылупілася?.. Валяй адгэтуль, тут нельга кожнаму тарчаць. Губарэвіч. — Той тып зноў тарчаў у акне, — сказаў наш як шафёр таварышу. Няхай. // Пастаянна бываць дзе‑н., знаходзіцца перад вачыма. [Верхаводка:] Я ж табе казаў, што дарэмна ты [Рамашка] лётаеш сюды дзень у дзень. І мяне прывучыў кожны выхадны дзень тарчаць тут на рэчцы. Губарэвіч.
тарчма́, прысл.
Стаўма, старчаком, у вертыкальным становішчы (звычайна ў спалучэнні: стаяць тарчма). Калі галава плыта спаўзала са шлюза, яна тарчма спускалася ў букту, выбітую плынню, і тады плытнік па самыя грудзі апускаўся ў ваду. Колас. // Не прылягаючы, не прыстаючы. Кажух стаіць тарчма.
таршанава́нне, ‑я, н.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. таршанаваць.
таршанава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад таршанаваць.
2. у знач. прым. Спец. Атрыманы шляхам таршанавання. Таршанаваная папера.
таршанава́цца, ‑нуецца; незак.
Зал. да таршанаваць.
таршанава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак. і незак., што.
Спец. Нанесці (наносіць) рэльефны малюнак на паверхню паперы цісненнем. Таршанаваць паперу.