Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

се́кцыя 1, ‑і, ж.

1. Аддзел установы, арганізацыі і пад. з пэўнай спецыялізацыяй. Секцыя крытыкі. Шахматная секцыя. □ Увесь атрад разбіўся на навуковыя секцыі: гістарычную, геаграфічную, прыродазнаўчую, літаратурную і мастацкую. Шыловіч. // Частка гандлёвага памяшкання, дзе знаходзяцца аднародныя прадметы. Секцыя абутку. // Група ўдзельнікаў з’езда, канферэнцыі, нарады і пад., занятых абмеркаваннем адных і тых жа пытанняў. Работа канферэнцыі па секцыях.

2. Частка збудавання, канструкцыі, якая складаецца з некалькіх дэталей. Секцыя трубаправода. □ Даўжэй за ўсё свяцілася акенца ў кватэры на трэцім паверсе ў крайняй злева секцыі, дзе жыў паэт Дуброўскі. Мележ.

[Ад лац. sectio — разразанне, раздзяленне.]

се́кцыя 2, ‑і, ж.

Спец. Анатаміраванне, рассячэнне. Секцыя вены.

[Лац. sectio.]

секцыяне́р, ‑а, м.

Член якой‑н. секцыі ​1 (у 1 знач.).

секцыяне́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да секцыянер.

секцыяне́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да секцыянера. Секцыянерскія абавязкі.

се́кчы,

гл. сячы.

се́кчыся,

гл. сячыся.

селадо́н, ‑а, м.

Уст., цяпер іран. Аматар заляцацца да жанчын, валацуга. Румяныя вусны [графа Хаданскага] завучана ўсміхаюцца, — нават ямачка амура на адной шчацэ. Відаць, быў у свой час селадон, ведаў сабе цану. Караткевіч.

[Ад імя Селадон — героя рамана французскага пісьменніка 16–17 стст. д’Юрфэ.]

се́левы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да селю. Селевая плынь.

селе́ктар, ‑а, м.

Электрамагнітны апарат на чыгунцы, будоўлі і пад. для адначасовага выкліку некалькіх або ўсіх тэлефонных абанентаў лініі. [У пакоі] стаяць селектары і тэлефонныя апараты, звязаныя дзесяткамі правадоў з усімі ўчасткамі і службамі будоўлі. Грахоўскі.

[Ад лац. selector — сарціроўшчык.]

селе́ктарны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да селектара. Селектарны апарат. Селектарная ўстаноўка.

2. Які выконваецца, ажыццяўляецца з дапамогай селектара. Селектарная сувязь.